Кіраўнікі пратэстанцкіх канфесіяў пратэстуюць супраць зьместу новага падручніка для школьнікаў
Кіраўнікі шэрагу пратэстанцкіх канфэсіяў Беларусі заяўляюць пра наўмысную дыскрэдытацыю пратэстанцкіх цэркваў у грамадзтве праз школьны падручнік “Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці”. У Міністэрстве адукацыі абвінавачаньні не прызнаюць, але абяцаюць пераглядзець зьмест параграфа “Асьцярожна, сэкты”.
У лісьце пратэсту, які лідэры пратэстанцкіх цэркваў накіравалі на адрас кіраўніка краіны, ураду, міністра адукацыі гаворыцца, што тэрмін “сэкта” не адпавядае спэцыфіцы веравучэньня пратэстанцкіх цэркваў: “Хіба пратэстанцкія цэрквы займаюцца тым, што зарабляюць грошы? Ці іхныя прынцыпы работы тыя ж, што і ў варажбіткі, напарстачніка ці іншага махляра?” Паводле пратэстантаў, распаўсюд непраўдзівай інфармацыі разьвязвае рэлігійную варажнечу і нянавісьць, а таму яны патрабуюць выдаліць падручнік з праграмы школьнага навучаньня.
Міністэрства адукацыі ў сваім афіцыйным адказе гэтыя вінавачаньні назвала беспадстаўнымі. Вось што сказала ў інтэрвію нашаму радыё намесьніца кіраўніка ўправы сярэдняй адукацыі Валянціна Маеўская: “І Камітэт па рэлігіях разглядаў іхны зварот: ніякія іхныя правы мы не абмежавалі ні ў чым. Там адзіны параграф, які кажа пра тое, што ёсьць сэкты адвэнтыстаў сёмага дня, цэрквы панны Марыі, “Белае брацтва”, сьведкаў Еговы, што мэтады працы ва ўсіх аднолькавыя. Што тут крыўднага? Гэта азнаямляльная інфармацыя пра тое, што яны ёсьць. Пры перавыданьні падручніка мы яшчэ раз вернемся да гэтага пытаньня, можа быць, напішам неяк інакш…Але яны ніколі не былі задаволеныя”.
Паводле прадстаўнікоў пратэстанцкіх цэркваў, зьняважлівая інфармацыя на іхны адрас у школьных падручніках зьяўляецца не ўпершыню. Раней гэта было ў падручніку “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава”, а таксама “Чалавек у сьвеце культуры”. І кожны раз на пратэсты вернікаў чыноўнікі абяцалі выправіць становішча. Вось як пракамэнтаваў пазыцыю ўладаў старшы прасьвітэр па Менскай вобласьці Генадзь Брудзкі: “Спачатку нас аблаялі ў падручніку, а пасьля сказалі, што гэта было агулам — паклёп, але не на вас накіраваны. І раней нам абяцалі гэта выправіць, і мы верылі, але пры перавыданьні кожнага новага падручніка матэрыял падаецца яшчэ з большым паклёпам, непрафэсійна: зьмяшаць “Белае брацтва” з баптыстамі можа чалавек, які ўвогуле не арыентуецца ў гэтым, альбо яму добра заплацілі, каб ён зьняславіў баптыстаў. Калі мы будзем завяршаць размовы толькі такімі адпіскамі, то хутка можа распачацца рэлігійны шавінізм. Трэба неяк спыняць гэтую рэлігійную вайну.”
Паводле прасьвітэра Брудзкага, цяпер кіраўнікі шэрагу цэркваў абмяркоўваюць магчымасьць звароту ў суд у справе абароны гонару і годнасьці пратэстанцкай царквы ў Беларусі, -- паведаміла Радыё Свабода.