З вяртаннем на волю, Зміцер!
Ягоная непахісная вера і адданасць Беларушчыне, а таксама высокі маральны супраціў несправядлівасці вартыя пераймання. Вызваленне Зміцера стала магчымым у тым ліку дзякуючы ціску незалежнага грамадства ды міжнароднай супольнасці на ўлады Беларусі.
Аднак датэрміновае вызваленне Зміцера Дашкевіча і Міколы Аўтуховіча аніякім чынам не змяншае антынародны паліцэйскі характар палітычнага рэжыму ў краіне.
Пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязні – Артур Фінькевіч, Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Юры Лявонаў і нядаўна асуджаны Аляксандр Здзвіжкоў, пакуль не спыніцца молах палітычных рэпрэсіяў супраць іншадумцаў, а найперш палітычна актыўнай моладзі, журналістаў і прадпрымальнікаў, а таксама пакуль не будуць гарантаваныя правы беларусаў на свабоду слова, сходаў, аб’яднанняў і сумлення, незалежнае беларускае грамадства павінна надалей дзейнічаць і салідарна змагацца за свабоду, праўду і справядлівасць у нашай краіне.