Мінюст раздумаўся ліквідаваць аб'яднанне прадпрымальнікаў
Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб адзове з Вярхоўнага суду іскавай заявы аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва».
У паведамленні гаворыцца, што ў міністэрства паступіў зварот РГА «Перспектыва», у якім «яно паінфармавала, што кіруючымі органамі аб'яднання не прымалася рашэнне аб ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу яе кіраўніка», а ён «не надзяляўся якімі-небудзь паўнамоцтвамі прадстаўляць грамадскае аб'яднанне на ўдзел у правядзенні якіх-небудзь масавых мерапрыемстваў».
Міністэрства паведамляе, што згодна з статутам арганізацыі мэтамі яе дзейнасці «з'яўляюцца стварэнне ўмоў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі, а таксама садзейнічанне прыцягненню органаў улады да праблем, якія ўзнікаюць». «Улічваючы выкладзенае, Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб адзове іскавай заявы аб ліквідацыі дадзенага грамадскага аб'яднання з Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліваецца ў паведамленні міністэрства.
Намеснік старшыні рады РГА «Перспектыва» Вольга Круміна паведаміла, што сваю заяву яны перадалі ў Мінюст 17 студзеня. У ім паведамлялася, што лідэр арганізацыі браў удзел у акцыі прадпрымальнікаў як «прыватная фізічная асоба».
Інфармацыя пра тое, што Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі «Перспектывы» была размешчаная на сайце міністэрства 12 студзеня. Сваё рашэнне Мінюст растлумачыў палажэннем ч.2 арт.15 закона «Аб масавых мерапрыемствах», з якога вынікае, што «грамадскія аб'яднанні, адказныя асобы якіх не забяспечылі належнага парадку арганізацыі і правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі і пікетавання, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, арганізацый альбо дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, могуць быць ліквідаваныя ва ўсталяваным парадку».
Даведаўшыся пра іскавую заяву Мінюста, сябры «Перспектывы» заявілі пра намер у выпадку ліквідацыі арганізацыі стварыць палітычную партыю, якая аб’яднае прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху. Калі ж зарэгістраваць новую партыю не атрымалася б, то прадугледжваўся варыянт далучэння да адной з дзейных апазіцыйных палітычных сіл.
Лідэр аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка быў затрыманы 10 студзеня пасля акцыі прадпрымальнікаў. 11 студзеня яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.