Ці адсудзіць «Ленинский клич» 5 тысяч долараў у «Вольнага горада»?
Чавускі раённы суд 16 студзеня мае абвесціць рашэнне па зыску рэдактаркі дзяржаўнай газеты «Ленинский клич» (г. Крычаў, Магілёўская вобласць) Таццяны Іўкінай да заснавальніка газеты «Вольны горад» Уладзіміра Кудраўцава і былога супрацоўніка сваёй газеты Валерыя Бысава.
У якасці кампенсацыі маральнага ўрону спн. Іўкіна патрабуе з адказчыкаў 10 млн. рублёў (каля 5 тыс. долараў).
Паводле зыску Т. Іўкінай, у некалькіх нумарах «Вольнага горада» больш як двухгадовай даўніны была апублікавана не адпаведная рэчаіснасці негатыўная інфармацыя, якая зневажае яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Гаворка ідзе пра публікацыю В. Бысава «Шесть лет в редакционном ГУЛАГе», якая друкавалася напрацягу жніўня-верасня 2004 г.
Зыскоўца прыводзіць шэраг цытат, у якіх В. Бысаў, на яе думку, звінавачвае яе ў непрафесіяналізме, злоўжыванні службовым становішчам і несумленнасці ў дачыненні да падначаленых. Т. Іўкіна сцвярджае, што публікацыя нанесла ёй маральны ўрон, і просіць суд абавязаць «Вольны горад» абвергнуць распаўсюджаныя звесткі «шляхам пісьмовых прабачэнняў», а таксама спагнаць з У. Кудраўцава і В. Бысава грашовую кампенсацыю.
Слуханні па зыску пачаліся ў снежні мінулага года.