Незалежныя прафсаюзы не паддаюцца
Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў прыняў заяву ў сувязі з тым, што ўлады працягваюць праводзіць ціск, запужваньне й правакацыі ў дачыненьні да незалежных прафсаюзаў.
У склад Кангрэсу ўваходзяць тры буйныя суб’екты: Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі ды Свабодны саюз мэталістаў.
Старшыня Кангрэсу Аляксандар Ярашук падкрэсьліў, што адносіны ўладаў да незалежных арганізацыяў за апошні час не зьмяніліся. Аляксандар Ярашук лічыць, што было б наіўным спадзявацца, што сытуацыя памяняецца, маючы на ўвазе дэмакратычныя прынцыпы незалежных прафсаюзаў.
А. Ярашук: Што б не адбывалсая, ці прымаліся б рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыяй працы, ці рашэньні Эўразьвяза аб прэфэрэнцыях, пагроза зьнішчэньня нашай арганізацыі існавала й будзе існаваць. Таму мы былі вымушаныя прыняць заяву. Цягам году былі канкрэтныя прыклады, што ўлады не намераны выконваць патрабаваньні МАП і паважаць правы прафсаюзаў.
Асаблівую ўвагу ў заяве мы надаем перасьледу Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Ідзе своеасаблівае „паляваньне” на гэты прафсаюз.
Старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў кажа, што асабліва адмоўнае стаўленьня да іх прафсаюзу абумоўлена некалькімі прычынамі. А спосабы ціску на чальцоў прафсаюзаў выклікаюць абурэньне.
В. Леўчанка: Некаторы час таму працаўнік пракуратуры Оршы дапытваў кожнага працаўніка аб прыналежнасьці да прафсаюзаў. Ці гэта ня ціск? Калі чалавека пры ўсіх выклікаюць у кабінэт да кіраўніцтва на размову з намесьнікам пракурора? А яны кажуць, што гэта праверка…
Кожны год нам зь Мін’юста прысылаюць нейкія паперкі. Нядаўна прыслалі, што мы не налічваем неабходнай колькасьці чальцоў. Таму нам альбо раяць перарэгістравацца з рэспубліканскага ў мясцовы прафсаюз, альбо спыніць дзейнасьць.
Я думаю, што прычына ў тым, што мы падалі заяву аб уступленьні ў Міжнародную фэдэрцыю мэталістаў. Уладам гэта непатрэбна. Таксама мы адныя з заснавальнікаў Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. А калі пахісьнецца адзін з заснавальнікаў, то можна ліквідаваць і цэлы Кангрэс.
Нашым чальцам кожны год кажуць адно й тое ж – альбо кантракт, альбо прафсаюз.
У сваю чаргу старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў кажа, што ўлады выкарыстоўваюць найгоршыя мэтады ціску ў дачыненьні да прафсаюзаў. Іх чальцоў зьнішчаюць псыхічна.
В. Корабаў: Праблемы былі, ёсьць і будуць. У сёньняшняй сытуацыі мы займаемся тым, чым павінны займацца прафсаюзы, таму нам трэба закрыць рот. Я ўжо ня раз казаў, што яшчэ на пачатку 90-х гадоў мы першыя ў краіне паказалі, чым павінны займацца сапраўдныя прафсаюзы. Мы не прафсаюз, які ўбудаваны ў структуры ўлады. Мы прафсаюз, які займаецца праблемамі наёмных працоўных. Таму я сумняюся, што калі-небудзь гэты ціск закончыцца.
Канешне, асноўнай праблемай зьяўляюцца кантракты. Калі чалавек кіраўніцтву становіцца невыгодным, то яго выкідваюць. Я калісьці сказаў дырэктару аднаго з прадпрыемстваў, што ён робіць тое, што бальшавікі ў 17 годзе. Людзі азлобленыя. Іх ламаюць псыхічна. У душы застаецца крыўда. Прыйдзе час, і тых, хто зьнішчаў, таксама зьнішчаць.
У сваёй заяве рада Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў зазначае, што такія дзеяньні ўладаў могуць паставіць краіну перад пагрозаю далейшых эканамічных санкцыяў з боку Эўропы.