viasna on patreon

Пацыенты туберкулёзнага шпіталя абвесьцілі галадоўку

2008 2008-01-14T16:10:29+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пацыенты Рэспубліканскага туберкулёзнага шпіталя ў пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці просяць дапамогі. Яны знаходзяцца ў жахлівых умовах. Кіраўніцтва шпіталя адмаўляецца размаўляць. Сёньня цэлы шпіталь адмовіўся ад прыняцьця ежы.

Галоўны лекар туберкулёзнага шпіталя Доўгань Мечаслаў Андрэевіч праігнараваў патрабаваньні пацыентаў, якія накіравалі да яго калектыўны ліст. Хворыя патрабуюць абаграваць палаты, даць гарачую ваду й прыстойную ежу.

Кажа пацыент туберкулёзнага шпіталя Сяргей Воранаў: У нас вялікія праблемы. Справа ў тым, што ў нас у палатах вельмі холадна, мы сьпімо апранутымі. Гарачай вады няма ўвогуле, душ уключаюць два разы на тыдзень. Палаты вельмі брудныя, у памяшканьні вільгаць. А ежу, якую нам даюць, нават есьці немагчыма. Амаль усе хворыя ходзяць з тэмператураю. Мы ж - туберкулёзьнікі, нам трэба мыцца.

Шпіталь стаіць у лесе, але нам нават выйсьці на прыроду не дазваляюць. Мы ня можам нічога купіць. Большасьць тут мужчын, усе кураць, а цыгарэтаў няма. Жанчыны ня могуць пайсьці купіць нават неабходныя сродкі гігіены.

Вакол шпіталя ўжо пачалі будаваць плот вышынёю тры мэтры з калючым дротам. Нам паказалі пастанову Міністэрства здароўя, паводле якой нам нельга выходзіць гуляць, бо мы заражаем іншых. Але нам, туберкулёзным, гэта проста неабходна. А тэрыторыя шпіталя да гэтага нават не падрыхтаваная. Нас нават у лес не пускаюць, ня кажучы пра тое, каб выйсьці ў пасёлак.

Сяргей Воранаў кажа, што хворыя ня будуць спажываць шпітальную ежу, пакуль кіраўніцтва ня прыме канкрэтных крокаў дзеля паляпшэньня ўмоваў шпітальнага жыцьця.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства