Бясплатнай медыцыны стала яшчэ меней
Спіс платных паслуг пашыраны яшчэ на 10 найменняў. Прычым найбольш церпяць цяпер цяжарныя жанчыны. Гэта клопат пра маці ў Год здароўя?
Платных паслугаў і так было дастаткова. Бо, калі яны суседнічаюць з бясплатнай дапамогай хвораму, дактары зробяць усё, каб накіраваць пацыента ў касу. Таму што ад гэтага залежыць і іх заробак.
Добрага заўсёды здаецца мала, і вось у паліклініках на 10 найменняў пашыраны спіс платных паслуг. Але самае дзіўнае заключаецца ў тым, што ў большасці выпадкаў гэта тычыцца цяжарных жанчын. Гэткім чынам мы вырашаем дэмаграфічную бяспеку краіны?
Мяркуйце самі. Жанчыны будуць плаціць за гінекалагічны і ўралагічны масаж, індывідуальную падрыхтоўку цяжарных да родаў і груднога кармлення. За грошы падбяруць дыету, правядуць выпрабаванне сперматаграмы і біяпсійнага матэрыялу.
І, як вынік, за грошы можна правесці любую працэдуру. Толькі ж ці ўсе маюць такія фінансавыя магчымасці?
Яшчэ мы будзем плаціць за вызначэнне пухлінных маркераў, пашыраную колькаскапію, флюарасцэнтную ангіаграфію, кератопаграфію, электрастымуляцыю паверхневых мышцаў вачэй і векаў.
Сёння ўжо нельга прыпомніць, на якія тавары не раслі цэны. Затое жывём, цвердзяць прапагандысты ад улады, з кожным годам усё лепш і лепш.
Здаецца, большасць ужо стамілася ад гэтай дзяржаўнай двудушнасці.