Чарговая адмова ў доступе да інфармацыі журналістам «Ганцавіцкага часу»
Карэспандэнта недзяржаўнай газеты «Ганцавіцкі час» Ірыну Дамарцкую не пусцілі на цырымонію ўзнагароджання лепшых вучняў і настаўнікаў раёну, якая прайшла 9 студзеня ў гарадскім доме культуры Ганцавічаў.
Як расказаў службе маніторынгу ГА «БАЖ» намеснік галоўнага рэдактара «ГЧ» Пётр Гузаеўскіі, пры з’яўленні карэспандэнта незалежнай газеты супрацоўніца раённага аддзелу адукацыі зачыніла дзверы ў залу і заявіла, што мерапрыемства — закрытае. Назваць сябе яна адмовілася. Пасля таго, як карэспандэнты сфатаграфавалі яе і патэлефанавалі ў міліцыю па дапамогу, жанчына некуды знікла.
Але з залы Ірыне Дамарцкай усё ж давялося выйсці па настойлівай просьбе іншага спецыяліста раённага аддзелу адукацыі, якая назваць сваё прозвішча і пасаду таксама адмовілася.
Па словах Пятра Гузаеўскага, праца ў такіх умовах — звыклая з’ява для журналістаў незалежнага выдання. «Справа даходзіць да абсурду, — кажа Пётр Гузаеўскі. — Літаральна на мінулым тыдні, 4 студзеня, мяне не хацелі пускаць на сход, які ініцыявалі жыхары вёскі Хатынічы і на які яны самі мяне запрасілі».
Як распавёў намеснік галоўнага рэдактара «ГЧ», у Хатынічах склалася крытычная сітуацыя з якасцю калодзежнай вады, утрыманне шкодных рэчываў у якой перавышае санітарныя нормы ў дзесяткі і нават сотні разоў. Жыхары вёскі вырашылі прыцягнуць ўвагу да гэтай праблемы раённых ўладаў і народных абраннікаў.
Але старшыня Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд спрабаваў забараніць карэспандэнту «Ганцавіцкага часу» патрапіць на сход. Сваё нежаданне бачыць супрацоўніка «ГЧ» на мерапрыемстве ён аргументаваў тым, што ў незалежнай газеце «скажаецца інфармацыя», што яе карэспандэнты «не маюць акрэдытацыі» і, нарэшце, што падзеі «павінна асвячаць дзяржаўная газета «Савецкае Палессе».
Жыхары вёскі сталі цікавіцца, чаму ж тады тут няма карэспандэнтаў вышэйназванай газеты. Віктар Дрозд некуды патэлефанаваў і заявіў, што ў хуткім часе прыедзе галоўны рэдактар «Савецкага Палесся». Той з’явіўся прыкладна праз паўгадзіны, пасля чаго нарэшце распачаўся сход.
«Такая пазіцыя ўладаў у дачыненні да незалежнай прэсы — не толькі неэфектыўная, але і неразумная, — мяркуе Пётр Гузаеўскі. — Пасля гэтага сходу ў нашай газеты з’явілася некалькі новых падпісчыкаў у Хатынічах, хаця тэрмін падпіскі ўжо скончыўся… Людзі ж усё бачаць!»