Пачалося паляваньне на рэгіянальных удзельнікаў мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў
Сёньня на рынку ў Віцебску супрацоўнікі міліцыі без тлумачэньня прычынаў затрымалі рэгіянальнага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча. Спачатку яго даставілі ў віцебскі Кастрычніцкі РАУС, зараз вязуць у РУУС Маскоўскага раёну Менску.
Пасьля затрыманьня каля будынку Кастрычніцкага РАУС Віцебску сабралося каля 50 чалавек, сярод якіх прадпрымальнікі і прадстаўнікі грамадзкасьці. Яны патрабавалі вызваліць актывіста прадпрымальніцкага руху. Аднак, як высьветлілася, міліцыянты атрымалі загад даставіць Сяргея Парсюкевіча ў Менск, у РУУС Маскоўскага раёну. Пакуль ніякага абвінавачаньня прадпрымальніку не прад'яўлена, відавочна, што пратакол за ўдзел у мітынгу пратэсту, які ядбыўся ў сталіцы 10 студзеня, будзе складзены менавіта там. Магчыма, суд адбудзецца заўтра, і Сяргея Парсюкевіча пакараюць арыштам.