viasna on patreon

Чаму ўзрастае рэпрэсіўнасьць беларускага рэжыму?

2004 2004-12-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. У абмеркаваньні бяруць удзел лідэр апазыцыйнай арганізацыі “Малады фронт” Павал Севярынец і праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які прадстаўляе зачынены ўладамі праваабрончы цэнтр “Вясна”.

Адыходзячы 2004 год вызначыўся рэзкім узмацненьнем палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Чым тлумачыцца гэтая зьява, якія наступствы для беларускага грамадзтва яна будзе мець? Якія асаблівасьці карнага дзяржаўнага мэханізму былі ўласьцівыя для 2004 года?

Нагадаю, што год пачаўся з арыштаў даволі значных, нават ключавых асобаў у бліжэйшым асяродзьдзі Лукашэнкі, а не сярод апазыцыянэраў. У ізалятар КГБ былі зьмешчаныя былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова ды былы старшыня Белдзяржтэлекампаніі Ягор Рыбакоў. Так бы мовіць, “на нары” накіравалі галоўнага фінансіста рэжыму ды вельмі ўплывовага ідэоляга. Чым, на вашую думку, былі гэтыя арышты ? Звычайнымі праявамі антыкарупцыйнай барацьбы – ці своесаблівым сыгналам беларускаму грамадзтву?

(Севярынец: ) “Мне падаецца, лёгіка тут простая. Паколькі рэжым трымаецца на страху, то і ўжываць рэпрэсіі трэба ня толькі ў дачыненьні да праціўнікаў, але й да паплечнікаў. Бі сваіх, каб чужыя баяліся. І таму лупцуюць зараз і тых, хто падтрымліваў Лукашэнку.П.Севярынец: "Шэйман адназначны сілавік, таму ўзмацненьне рэпрэсіяў тлумачыцца агульнай зьменай дзяржаўнай канструкцыі пасьля 17 кастрычніка".

Разам з тым, мне здаецца, ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. 2004 год ўсё ж такі быў годам, калі адміністрацыяй Лукашэнкі кіраваў Урал Латыпаў. Буйныя фігуры ў атачэньні Лукашэнкі маглі пацярпець праз гульнявыя сцэнары, да якіх быў схільны Латыпаў. А цяпер да кіраўніцтва справамі прыходзіць Шэйман, гэта адназначны сілавік, таму дадатковае ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць апазыцыі тлумачыцца агульнай зьменай дзяржаўнай канструкцыі пасьля 17 кастрычніка”.

(Грузьдзіловіч : ) “А вам не падаецца, што арышт вядомых асобаў у асяродзьдзі Лукашэнкі быў пэўным сыгналам грамадзтву, якое напачатку 2004 года чакала, што замест барацьбы зь іншадумствам, з апазыцыяй, будзе перанесены акцэнт на барацьбу з карупцыянэрамі, на барацьбу са злачынствам?”

(Стэфановіч: ) “Не, я не лічу, што гэта было паведамленьне пра лібэралізацыю рэжыму. Паводле вынікаў года значная колькасьць крымінальных справаў была ўзбуджаная менавіта супроць дзеячоў апазыцыі, асабліва пасьля выбараў. Пасьля 2001 года таксама назіраўся вялікі працэс, скажам гэтак, “пасадкі” кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Але арышт Жураўковай і Рыбакова ад гэтага адрозьніваецца, бо тады, прынамсі, быў нейкі сьлед кантактаў з апазыцыяй, жаданьня ўвайсьці ў гэты кантакт ці выявіць самастойнасьць у палітычнай барацьбе. А справы Рыбакова і Жураўковай мне падаюцца вынікам перападзелу сфэраў уплыву ў непасрэдным атачэньні прэзыдэнта. Верагодна, сапраўды памеры карупцыі былі такія, што немагчыма было іх схаваць ад грамадзтва, і яны вымушаныя былі нейкім чынам рэагаваць”.В.Стэфановіч: "Справы Рыбакова і Жураўковай мне падаюцца вынікам перападзелу сфэраў уплыву ў непасрэдным атачэньні прэзыдэнта".

(Грузьдзіловіч: ) “Але вы згодны, што далей усё вярнулася да звыклага? Найперш – да рэпрэсіяў супроць апазыцыі. Нагадаю, прыканцы красавіка быў арыштаваны адзін зь лідэраў апазыцыі Міхаіл Марыніч. Яго трымаюць у “амэрыканцы” дагэтуль, а тую ж Галіну Жураўкову адтуль даўно выпусьцілі. Пасьля – нібыта за паклёп на Лукашэнку ў турму патрапілі лідэры гарадзенскіх прадпрымальнікаў Леванеўскі й Васільеў. Іх ужо асудзілі да зьняволеньня. Дададзім сюды тых шараговых апазыцыянэраў, якіх сёлета каралі за ўдзел у акцыяй пратэсту – іх колькасьць рэкордная за апошнія 5 гадоў. І гэта на тле выйгранага рэфэрэндуму, калі чарговым разам нібыта была прадэманстраваная бездапаможнасьць беларускай апазыцыі?! Таму ўзьнікае пытаньне: чаму рэпрэсіі супроць апазыцыі пасьля рэфэрэндуму ня сталі меншымі, а наадварот – павялічыліся. Цяпер нават за крытычнае слова для замежных мэдыяў супраць Анатоля Лябедзькі ці журналісткі Ірыны Халіп узбуджаюць крымінальныя справы. Навошта, калі рэжым такі моцны, калі ён ўсё роўна не рэагуе на меркаваньні сьвету?”

(Севярынец: ) “Мне здаецца, што рэжым якраз і не такі моцны, як можа падавацца і як прадстаўляе беларускае тэлебачаньне. У тым і справа, што 17 кастрычніка Лукашэнка атрымаў дакладныя лічбы галасаваньня. Не сумняюся, што афіцыйныя дадзеныя былі сфальшаваныя, але рэальныя падлічваліся і былі дакладзеныя Лукашэнку. І калі ён ўбачыў гэтыя рэальныя вынікі, а мы зь імі прыблізна знаёмыя праз апытаньні інстытуту Гэлапа, мяркую, ён сапраўды жахнуўся. І зразумеў, што дзеі, за якія раней каралі апазыцыянэраў, больш небясьпечныя, бо за імі можа пасьледаваць страта ўлады. Таму цяпер трэба караць яшчэ і за слова. А таталітарны рэжым якраз і вызначаецца жаданьнем кантраляваць думкі. І мне здаецца, што гэтае імкненьне татальна кантраляваць уладу, боязь яе страціць – паколькі пратэстныя настроі велізарныя, большасьць ужо не з Лукашэнкам – гэта і ёсьць прычына такіх паводзінаў улады. І як у Кіеве гэтая большасьць вызначылася з дапамогай аранжавага колеру, гэтак і праз падзеі 17 кастрычніка большасьць грамадзтва Беларусі зразумела, што выбары Лукашэнка прайграў. Менавіта таму і такая рэакцыя”.П.Севярынец: "Лукашэнка атрымаў дакладныя лічбы галасаваньня... Большасьць ужо не з Лукашэнкам – гэта і ёсьць прычына такіх паводзінаў улады".

(Грузьдзіловіч: ) “Падзялюся нядаўнімі асабістымі назіраньнямі. Я стаў удзельнікам спрэчкі на тэму, якімі ёсьць рэпрэсіі ў Беларусі – мяккімі ці жорсткімі. Зразумела, паразуменьня мы гэтак і не знайшлі, бо адны карыстаюцца колькаснымі паказчыкамі, для іншых важнейшым ёсьць, так бы мовіць, глыбіня чалавечых пакутаў. А сапраўды, якой ёсьць сёньня структура рэпрэсіяў улады супраць грамадзтва? У 2004 годзе не зьнікалі вядомыя апазыцыянэры, як у 1999 годзе – а якія карніцкія дзеяньні ўладаў былі вызначальнымі: арышты, штрафы, судовы перасьлед? І яшчэ, ці варта ў шэраг рэпрэсіяў ставіць, прыкладам, закрыцьцё грамадзкіх арганізацыяў альбо таго ж Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Якога кшталту гэта дзеяньні?”

(Стэфановіч: ) “Калі параўноўваць Беларусь з Туркмэністанам ці іншымі краінамі Сярэдняй Азіі, безумоўна, у нас усё ж такі рэжым, у двукосьсі можна сказаць, “больш лібэральны”. Але ўлічваючы, што мы жывем у Эўропе і маем мяжу з краінамі Эўразьвязу… Сёлета ўлады выкарыстоўвалі самыя разнастайныя віды ціску: ад перасьледу палітычных апанэнтаў праз узбуджэньне крымінальных справа да арыштаў, зьбіцьця ўдзельнікаў дэманстрацыяў. І таксама выключэньні студэнтаў з навучальных установаў. Вельмі актыўна спэцслужбы працавалі з моладзьдзю.

Што да ЭГУ і Беларускага гуманітарнага ліцэя, то мне падаецца, гэта якраз характарызуе глыбіню рэпрэсіяў у Беларусі, жаданьне яе ўладаў кантраляваць усе незалежныя сфэры грамадзтва. ЭГУ і Беларускі ліцэй былі як раз такімі непадкантрольнымі ўладам навучальнымі ўстановамі, і таму вось гэтак адказаў Лукашэнка ў Берасьці на пытаньне, чаму яны зачынілі ЭГУ: таму што яны рыхтавалі арыентаваную на захад эліту. Такім чынам, гэта ўспрымалася як пагроза сёньняшняму рэжыму.В.Стэфановіч: "Нашае грамадзтва пакуль ня цалкам разумее, што тых, хто супраць рэжыму, большасьць".

Такія рэпрэсіі невыпадковыя. Як мне падаецца, нашае грамадзтва пакуль ня цалкам разумее, што тых, хто супраць рэжыму, большасьць. Ёсьць вялікае расчараваньне, вялікая апатыя, недавер гэтай ўладзе, але, што да такіх вось праяваў, як мы бачым ва Ўкраіне, нам да гэтага пакуль што далёка”.

(Грузьдзіловіч: ) “Калі спраўдзіцца сцэнар, паводле якога да 2006 года трэба зьнішчыць усе рэшткі апазыцыйнасьці, да чаго гэта прывядзе краіну? Чаго тады варта чакаць – у тым ліку тым, хто пакуль падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку?”

(Севярынец: ) “Ведаеце, усё ж такі мы ня выспа, як Куба, не паўвыспа, як Паўночная Карэя, і нават не Цэнтральна-афрыканская рэспубліка. Мы ў самым цэнтры Эўропы. Калі рэжыму і ўдасца на некалькі месяцаў, на некаторы час загнаць у падпольле ўсю грамадзкую супольнасьць, а пры гэтым яшчэ й больш за 50 адсоткаў грамадзянаў складаюць кухонную апазыцыю, якая мае тэндэнцыю імкліва павялічвацца ў выпадку любога сацыяльнага катаклізму, то ўрэшце Лукашэнка згубіць кантроль над становішчам. Калі тыя ж самыя Кучма й Януковіч маюць магчымасьць удзельнічаць у паўторных выбарах, змагацца намэнклятурнымі шляхамі, у Вярхоўнай Радзе дужацца з апазыцыяй, то Лукашэнка фактычна пазбаўляе сябе такіх шанцаў. Калі будзе выбух, ён страціць ўсё. Шляху назад ня будзе. Гэта сьлізкая сьцяжына.

А апазыцыю, безумоўна, чакае падпольная праца на ўзроўні польскай “Салідарнасьці”. Неабходна будзе пачынаць ад пачатку, адштурхоўвацца ад дна й перамагаць гэтак, як гэта рабілі падчас аксамітных рэвалюцыяў усе нашы суседзі”.

(Стэфановіч: ) “Мне падаецца, Лукашэнка, канешне, будзе імкнуцца ліквідаваць яўныя праявы апазыцыйнасьці. Мяркую, што, магчыма, будуць зьдзейсьненыя захады па ліквідацыі дэмакратычных партыяў, іх афіцыйнага статусу. Пазбаўленьне іх офісаў. Невыпадкова зьявіўся гэты ўказ пра зьняцьце ільготаў пры арэндзе памяшканьняў недзяржаўнымі арганізацыямі. Гэта ўсё робіцца дзеля таго, каб іх проста не было бачна. Але, калі такое будзе зроблена, то мяркую, і палітычныя партыі прыстасуюцца да працы ў нелегальным становішчы, як гэта зрабілі няўрадавыя арганізацыі. Іх закрылі ўжо больш за 50, але шмат якія працягваюць дзейнічаць”.

(Грузьдзіловіч: ) “А акрамя апазыцыі ? Ці азначае ўсё гэта, што махавік рэпрэсіяў, як у 1930-ыя гады, дасягне і тых, хто цяпер падтрымлівае Лукашэнку?” В.Стэфановіч: "Будзе як у Савецкім Саюзе, дзе была адна партыя і адна газэта “Праўда”... Калі гэта здарыцца, шмат хто пашкадуе".

(Стэфановіч: ) “Кожнаму чалавеку здаецца, што дрэннае можа адбыцца з кімсьці іншым, але толькі ня зь ім. Я бачу шмат людзей, якія трапляюць у самыя разнастайныя сытуацыі ў нашай краіне – калі няма каму іх абараніць, калі няма незалежных газэтаў, якія б распавялі пра гэта, няма арганізацыяў, якія б маглі дапамагчы. Безумоўна, гэта будзе адмоўна ўплываць на ўсё беларускае грамадзтва. Бо будзе як у Савецкім Саюзе, дзе была адна партыя і адна газэта “Праўда”, а больш нічога. Магчыма, большасьць гэтага пакуль што не разумее, але, калі гэта здарыцца, шмат хто пашкадуе”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства