viasna on patreon

КДБ цікавіцца замежнымі паездкамі студэнтаў

2008 2008-01-08T10:56:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Супрацоўнікі КДБ цікавяцца замежнымі паездкамі беларускіх студэнтаў. Яны тэлефануюць актывістам моладзевага дэмакратычнага руху і прапануюць ім сустрэчы ў службовых кабінэтах ці на вуліцы. Летась супрацоўнікі КДБ дапыталі дзясяткі сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, каб тыя далі паказаньні супраць актывістаў арганізацыі і распавялі пра яе дзейнасьць.

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры Тацяна Цішкевіч апавяла “Свабодзе”, што ёй патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і прапанаваў сустрэчу:

“Мне патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і толькі пасьля маёй просьбы прадставіўся як Вадзім Піскуноў. Ён казаў, што яму неабходна паразмаўляць са мной наконт замежных паездак. Нават прапанаваў сустрэцца дзе-небудзь у горадзе, калі ў мяне мала часу. Цягам году я была ў Польшчы, Літве і ва Ўкраіне. Я разумею, што супрацоўнікаў КДБ цікавіць гэтая тэма, бо асноўныя ўдзельнікі такіх мерапрыемстваў — моладзь”.

Летась у траўні Тацяну Цішкевіч зьбілі спэцназаўцы падчас разгону моладзевай акцыі супраць скасаваньня льготаў. 16 жніўня яе зноў зьбілі, калі разганялі акцыю салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Тацяна трапіла ў шпіталь са страсеньнем мазгоў, шматлікімі пабоямі і запаленьнем нырак. Дзяўчына вучыцца на другім курсе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры на трэнэра коннага спорту.

Летась Тацяна была ва Ўкраіне, Літве і Польшчы. Яна апавяла, што ад яе сяброўкі іншы супрацоўнік КДБ таксама намагаўся выведаць інфармацыю.

“Днямі кадэбэшнік тэлефанаваў маёй сяброўцы і прапаноўваў ёй сустрэчу. Ён прадставіўся Андрэем. Прозьвішча ён не казаў, а прапаноўваў прыйсьці ў КДБ са службовага ўваходу, дзе ён яе сустрэне, ці ў кабінэт № 17 на трэцім паверсе”. Актывістка моладзі партыі БНФ Наста Александровіч паведаміла “Свабодзе”, што супрацоўнікі КДБ перш за ўсё імкнуцца завязаць кантакты з “навічкамі”, якія нядаўна сталі сябрамі незарэгістраваных моладзевых арганізацый.

“Для актывістаў беларускай апазыцыі ладзяцца разнастайныя навучальныя сэмінары. Спэцслужбы таксама пра гэта ведаюць. Зразумела, што іх цікавяць тэмы сэмінараў і іх удзельнікі. Супрацоўнікі КДБ, напэўна, шукаюць лёгкія крыніцы інфармацыі. Склалася такая практыка ў іх: шукаць новых людзей і ладзіць зь імі размовы. Такія размовы могуць быць як у навучальных установах, так і, як гэта было з актывістамі моладзі БНФ, у аэрапорце. Пыталіся пра тэму сэмінару і пра тое, чым яны займаліся за мяжой”.

Сёлета ў дзяржаўных унівэрсытэтах захоўваецца практыка, паводле якой студэнт мусіць браць у дэканаце дазвол на замежную паездку. Калі школьнік зьбярэцца за мяжу, аналягічную даведку яму павінен выдаць дырэктар школы. Апроч таго, непаўналетняга без даведкі ад бацькоў, засьведчанай натарыюсам, за мяжу не прапусьцяць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства