Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэта падазраецца ў паклёпе на прэзыдэнта Беларусі. Гары Паганяйлу пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. 30 лістапада Гары Паганяйлу выклікалі ў пракуратуру Менска, дзе яму паведамілі, што супроць яго рэспубліканскай пракуратурай яшчэ тыдзень таму ўзбуджаная крымінальная справа паводле 367 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Праваабронцу падазраюць ў паклёпе на прэзыдэнта Беларусі.
Падставай сталася інтэрвію Гары Паганяйлы, якое ў ліпені ён даў швэдзкаму тэлеканалу “ТВ-4”. У прыватнасьці, у гэтым інтэрвію Гары Паганяйла паўтарыў падазрэньні, якія і раней выказваў ў бок вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы ўключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Праваабронца лічыць, што Аляксандар Лукашэнка нібыта таксама можа быць датычным да зьнікненьняў і магчымых забойстваў беларускіх апазыцыянэраў.
Камэнтуючы абвінавачваньні, якія супраць яго вылучыла пракуратура, Гары Паганяйла адзначае своеасаблівасьць дзеяньняў беларускіх уладаў у гэтай справе: “Яны мусілі зрабіць ўсё, каб даказаць сваю невінаватасьць. А яны наадварот, хаваюць гэтую справу, не вядуць расьсьледаваньня”.
Гары Паганяйла заявіў Радыё Свабода, што гатовы прадставіць суду шэраг дакумэнтаў, якія засьведчаць ягоную пазыцыю, што да справядлівасьці падазрэньняў на бок кіраўнікоў Беларусі ў датычнасьці да зьнікненьняў лідэраў апазыцыі.