Вадзім Саранчукоў аштрафаваны на 70 базавых адзінак за ўшанаваньне памяці братоў Каліноўскіх
17 кастрычніка ў пасёлку Сьвіслач у другой палове дня адбыўся адміністратыўны суд па справе сябра Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Судзьдзя вынес рашэньне – штраф памерам 70 базавых адзінак.
Напярэдадні, 16 лістапада, у Гародні Вадзім Саранчукоў быў затрыманы разам са Зьміцерам Міхалюком і Максімам Губарэвічам з па падозраньні ў распаўсюдзе ўлётак з тлумачэньнямі, як адбываліся фальсіфікацыі падчас выбараў. Затрыманыя былі дастаўленыя Ленінскі РУУС г.Гродна.
Пры высьвятленьні асобаў супрацоўнікі міліцыі даведаліся, што Вадзім Саранчукоў падлягае адміністратыўнай адказнасьці, бо быў затрыманы 31 кастрычніка ў мястэчку Сьвіслач падчас традыцыйнага ўшанаваньня памяці братоў Каліноўскіх. Пасьля гэтага Зьміцер Міхалюк і Максім Губарэвіч былі адпушчаны без складаньня пратакола, а Вадзім Саранчукоў правёў ноч у міліцыі, а 17 лістапада яго павезьлі ў мястэчка Сьвіслач на суд.
Нагадаем, што 31 кастрычніка ў мястэчку Сьвіслач былі затрыманыя старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык, сябра партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, старшыня абласной арганізацыі БСДГ Віктар Сазонаў. Затрыманьні адбыліся падчас ушанаваньня нацыянальных герояў Беларусі – Віктара і Кастуся Каліноўскіх (на могліках у Сьвіслачы пахаваны Віктар Каліноўскі, а на плошчы стаіць помнік Кастусю Каліноўкаму). Удзельнікі ўшанаваньня памяці былі затрыманыя па шляху ад могілы да помніка.
4 лістапада суд ў гарадскім пасёлку Сьвіслач спагнаў з Віктара Сазонава (старшыня абласной аргнізацыі БСДГ) і Сяргея Мальчыка (старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ) штраф у памеры 70 базавых адзінак. У той дзень Вадзім Саранчукоў на суд не зьявіўся, а сёньня атрымаў пакараньне ў такім жа памеры.