У Мінску ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла з друку кніга “Пра Івана Луцкевіча: успаміны, сведчанні”.
Яна прысвечана выдатнаму беларускаму дзеячу, аднаму з ідэолагаў Беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Івану Луцкевічу (1881 - 1919).
Вось як ацаніў гэтую асобу ў інтэрв’ю Еўрарадыё складальнік кнігі, гісторык і палітык Анатоль Сідарэвіч:
“Гэта быў ідэаліст, фанатык беларускай ідэі, беларускай справы. Такіх людзей цяпер трэба пашукаць…”
У савецкія часы імя Івана Луцкевіча, як аднаго са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, замоўчвалася. Анатоль Сідарэвіч з сумам кажа, што не змянілася гэтая сітуацыя і цяпер:
“Ведаеце, Іван Луцкевіч нікому цяпер не цікавы. Ён не цікавы цяперашняй дзяржаве, якая “вырасла на яго плячах”. І ён не цікавы “незалежнаму грамадству”. І не цікавы сучасным палітычным сілам, у тым ліку сацыял-дэмакратыі...
Таму гэта чыста прыватная ініцыятыва, таму кніжка выйшла накладам усяго 200 экзэмпляраў”.