viasna on patreon

Авечым шляхам

2007 2007-11-21T17:13:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Многа стагоддзяў мы некуды ідзем. Невядома куды, мы нават не вызначыліся, хто ж мы. Гэта ва ўсходніх суседзяў цэнтральныя пытанні „Што рабіць?” і „Хто вінаваты?”. У нас зусім іншыя — „А хто там ідзе?” і „Хто смяецца апошнім?”. Расія — гэта агромністая раўніна, па якой носіцца ліхі чалавек. Па Беларусі так не палётаеш. Рэдкі паветраны шар даляціць да сярэдзіны Белавежскай пушчы!

Белыя плямы, чорныя дзіркі, выдраныя старонкі, забытыя імёны, невядомыя падзеі — кароткі нарыс айчыннае гісторыі. Курапаты — дарога смерці. Дзяды — дарога жыцця. Асветнікі нашы ў магілах. Магілы — наша асветніцтва. Кола замкнулася, але круціцца далей. Гэта ў іншых народаў гісторыя развіваецца па спіралі, у нас яшчэ і па „вертыкалі”. Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталіся пот і кроў.

Наша салідарнасць здавён дрэмле як здзірванелы курган векавечны. Калі дрыгавічы дрыжаць, радзімічы радуюцца, калі палачане плачуць, тураўцы смяюцца. Крывічы крывяцца. Чарнобыльцы ў зоне, беластачане ў гета.

Мы самая адукаваная нацыя. Ад езуіцкіх і піярскіх калегіумаў да спадарожніка-нацыянальнай бібліятэкі і піяр-тэхналогій. Сімяон Полацкі вучыў Пятра Першага, Шушкевіч — Лі Харві Освальда, Трашчанок — Лукашэнку. Хто болей маці-гісторыі вінен?

Мы — жалезная нацыя — на вачах у людзей не адцураемся камсамольскага білета, не пакідаем мовы нашай беларускай, толькі дзеля таго, каб не ўмерці. Мы маўчым, маўчым, трываем, але толькі да пары. Вось дачакаемся залацістага яснага дня і ўсе ў ружжо. Касінеры Ясінскага і араўканы Дамейкі, дзецюкі Каліноўскага і гавайцы Судзілоўскага, хлопцы Балаховіча і бэнээфаўцы Пазьняка. Сустрэнемся на барыкадах, абы дажыць да світання. Ад філаматаў да мітрапаліта Філарэта. Дайце нам бочку кагору і мы перавернем увесь свет! Мы і так яго перавярнулі. У імя Айца і Сына і Трэцяга Рыма. Якая эвалюцыя! Гуманіст Гусоўскі пісаў вершы на лаціне, а гаўляйтэр Кубэ ўжо па-беларуску.

Наш беларускі след пад сінім небам паўсюдна — паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі і ў краіне райскай птушкі, за морам Хвалынскім і ў Альпах, у краіне светлай ля белай бухты і ў Кардыльерах, ад родных ніў і водаў Нёмана — да берагоў Ціхага акіяна.

Урэшце мы выйдзем шчыльнымі радамі. Пінская шляхта і слуцкія ткачыхі, мсціслаўскія недасекі і шклоўскія фальшываманетчыкі, палескія рабінзоны і белавежскія зубры. Бо старадаўняй крывіцкай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць. Усе мы ляцім да зор — дзіркі ў небе маўклівы дакор. Багдановіч быў першым беларускім нудыстам — буду ў далёкім краі я нудзіцца. Аголенасць душы не схаваеш пад вокладкай. „Вянок” на „Сцяне” — ад Багдановіча да Быкава. Ад Бядулі — да Брыля. Ад „Знаку бяды” да „Цынкавых хлопчыкаў”...

На гэтай зямлі адбыліся лёсаносныя падзеі для гісторыі старога свету: Крэўская унія і Віскулёўскія пагадненні. Паміж імі Нямы сойм і Курлоўскі расстрэл, Бярэзінская пераправа і Бабруйскі кацёл. Самагубства Рэйтана і выбух Грынявіцкага як вынік нацыянальнага адчаю. Павешанне Каліноўскага і расстрэл Філістовіча як замацаванне акупацыі. Галоўнае, што рэшта пайшла звыклым авечым шляхам. Разумных бараноў увогуле нямнога. Хітрыя трапляюцца. А дурных не ўсіх вайна пабіла. Вайна — гэта наш адвечны шанц. Шанц памяняць адну акупацыю на іншую. Кепскую акупацыю на горшую. Які нацыянальны гонар — кожны трэці загінуў! А гэта значыць — кожны трэці страляў. Трэцяе пакаленне, трэці райх, трэцяя ракета, тройка энкавэдыстаў. Астральная лічба 3. У сярэднявеччы — Трэці Статут, у дваццаць першым стагоддзі — трэці прэзідэнцкі тэрмін. Нікуды ад гэтай тройкі не падзецца. Гэта ў іншых „птица-тройка” нясецца. У нас жа заўсёды раскіданае гняздо — плач перапёлкі, жураўліны крык, нерухомыя вочы савы. У гэтай краіне не маем мы дому. Проста

людзі на балоце.

Так што пакуль суцэльныя хмары і здані. Дзікае паляванне караля Стаха і эскадрон смерці Паўлічэнкі. Чорны замак Альшанскі і Белы сон. Гадзіннік спыніўся апоўначы...

Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ, «Ніва»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства