2008-ы стане Годам Беларускай Народнай Рэспублiкi
Сойм Партыi БНФ ухвалiў канцэпцыю, а таксама план кампанii па святкаваннi 90-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублiкi, кульмiнацыяй якой стане акцыя 25 сакавiка. Як зазначаецца ў канцэпцыi, кампанiя, якая працягнецца да мая 2008 года, мае на мэце “адназначна пазiцыянаваць дату 25 сакавiка як Дзень Незалежнасцi Беларусi i абвясцiць 2008-мы Годам Беларускай Народнай Рэспублiкi”. Паводле дакумента, асноўнымi колерамi стануць бел-чырвона-белы (колеры нацыянальнага сцяга), знакам — “Пагоня”, а лозунгам — “За Свабоду i Незалежнасць”.
План мае чатыры накiрункi: палiтычны, культурна-асветны, навуковы i мiжнародны. Прадугледжана серыя акцый у Мiнску i рэгiёнах, выданне лiтаратуры, брашур, аўдыёдыскаў, атрыбутыкi, прысвечаных юбiлею, стварэнне адмысловага сайта, арганiзацыя Skype-канферэнцыi з Радай БНР, экскурсii па памятных месцах БНР у Мiнску, выданне мультымедыйнай энцыклапедыi, рок-канцэрты i многае iншае (усяго — 49 пунктаў).
Акрамя мерапрыемстваў, звязаных з гiстарычнай падзеяй, прадугледжаны акцыi, што маюць дачыненне да цяперашняй сiтуацыi, напрыклад, рэакцыя на новыя цэны на энерганосьбiты ў студзенi.
“Наступны год будзе ў эканамiчным i знешнепалiтычным плане годам абароны незалежнасцi, — пракаментаваў прынятую канцэпцыю лiдэр Партыi БНФ Вiнцук Вячорка. — 90 год Беларускай Народнай Рэспублiкi — гэта нагода для нашай партыi, для якой абарона незалежнасцi — адна з прыярытэтных задач”.