Міліцыянеры чытаюць "Звычайнага прэзідэнта", канфіскаванага КДБ
26 лістапада дазнавацель КДБ Аляксей Шагінаў прыйшоў да жыхаркі Светлагорска Святланы Міхальчанкі. "Я ў вас забраў камп’ютэр, я вам яго і падключу", – сказаў капітан дзяржбяспекі.
– Некалькі дзён таму начальнік мясцовага аддзялення КДБ Аляксандр Праляткоўскі вярнуў мне і іншыя рэчы, якія раней забралі ў мяне, – гаворыць С. Міхальчанка. – А сістэмны блок камп’ютэра, як мне сказалі, яны вазілі на праверку ў Гомель. Шагінаў прынёс яго і выказаў шкадаванне, што з-за ўсяго гэтага я мела турботы.
Па словах жанчыны, камп’ютэрам яна толькі пачала карыстацца, і фактычна на ім нічога не захоўвалася.
Да пенсіі яна была дырэктарам школы, цяпер актыўна выступае за захаванне сацыяльных гарантый для пенсіянераў, інвалідаў і моладзі. 14 кастрычніка, калі ў Менску праходзіў Еўрапейскі марш, на адной са светлагорскіх вуліц міліцыянты заштурхнулі С. Міхальчанку ў аўтамабіль. Яе прывезлі ў райаддзел міліцыі і патлумачылі, што такім чынам выклікалі ў якасці сведкі. Затым супрацоўнікі міліцыі і КДБ паехалі разам з ёй дахаты на вобыск.
– Сказалі, што шукаюць ноўтбук, які скрадзены ў аднаго чалавека, якога я ледзь ведаю, – распавяла Міхальчанка.
Ноўтбука падчас вобыску не знайшлі, але вынулі сістэмны блок настольнага камп’ютэра, друкаваныя выданні і дакументы Партыі камуністаў, да якой належыць актывістка. Забралі таксама візітоўкі, якія засталіся ў Святланы Міхальчанкі пасля сустрэчы з венесуэльскім прэзідэнтам Уга Чавесам.
– Пасля вобыску я накіроўвала скаргі, настойвала, каб было вернута ўсё. Пакуль не аддалі некалькі кніг кшталту "Звычайнага прэзідэнта". Сказалі, што кнігі чытаюць у міліцыі, – паведаміла Святлана Міхальчанка.