Ідзе збор подпісаў за арганізацыю справаздач дэпутатаў
Увесь гэты тыдзень у Беларусі дэмакратычныя актывісты зьбіраюць подпісы пад патрабаваньнем арганізаваць справаздачы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў перад выбарцамі. Такую акцыю дэмакратычныя актывісты тлумачаць у першую чаргу тым, што дэпутаты падтрымалі сёлета ініцыятыву скасаваньня льготаў. Кампанію збору подпісаў праводзіць Рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Пра ход кампаніі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: “Я сам хадзіў па кватэрах, зьбіраючы подпісы за арганізацыю справаздачы актора Генадзя Давыдзькі. 95% людзей разумеюць праблему. Некаторыя кажуць, што мы недастаткова радыкальныя – маўляў, не сустрэчы трэба арганізоўваць, а кідаць іх у Сьвіслач. Праблема закранула ўсе сацыяльныя слаі. Падчас сустрэч з прадстаўнікамі міліцыі заўважыў, што адэкватна рэагуюць, што ў іх забралі 6 дзён адпачынку, бясплатны праезд. Многія, з кім сустракаўся ў часе “Сацыяльнага маршу”, хто працаваў у службах аховы ў Фаніпалі, Смалявічах, зьбіраюцца адмовіцца ад працы – а гэта ўжо пытаньне бясьпекі дзяржавы...”
Паводле незалежных сацыялягічных апытаньняў, толькі 23% грамадзянаў краіны падтрымліваюць адмену льготаў. Звыш 70% – супраць.
“У людзей ніхто не спытаў, не было дыскусіі ў СМІ. Наступны крок – адкліканьне найбольш адыёзных фігур, як Козік у Барысаве...”, – гаворыць Анатоль Лябедзька.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Жодзінскай выбарчай акругі Ніна Ругаль таксама прагаласавала за адмену льготаў. У Жодзіне кампанію за арганізацыю яе справаздачы перад выбарцамі вядзе лекар “хуткай дапамогі”, сябра АГП Аляксандар Ваўчанін. Цяпер ён шмат высілкаў траціць на спробы зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне “Ліквідатар”.
“А калі тэхналягічная аварыя, што, ніхто ня будзе ўдзельнічаць у ліквідацыі, – пытаецца Аляксандр Ваўчанін. – Ці гэта будуць тыя 100 дэпутатаў, што прагаласавалі за адмену льготаў?! І для ліквідатараў гэта ня льготы, а гарантыя таго, што дзяржава, за якую яны выступалі, будзе іх ахоўваць. Найбольш пацярпелі ад адмены чарнобыльцы. Мы пісалі мясцовай уладзе, каб правесьці акцыю – улады нам адмовілі. Сабралі ў Жодзіне 1000 подпісаў. Людзі як ніколі ўзрушаныя...”
Аднымі зь першых, што дамагліся сустрэчы выбарцаў са сваім дэпутатам у Палаце прадстаўнікоў, сталі жыхары Талачынскага раёну. На сустрэчу, якую ініцыяваў мясцовы дэмакратычны актывіст Мікалай Петрушэнка, прыяжджаў намесьнік адной з камісіяў Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Адашкевіч. Людзі засталіся не задаволеныя вынікамі той размовы, і цяпер даяркі адной з фэрмаў хочуць выйсьці на знак пратэсту з афіцыйнага прафсаюзу. Яны лічаць, што замест таго, каб рэальна дапамагаць, афіцыйны прафсаюз папросту падтрымлівае кіраўнікоў тамтэйшага калгасу.