На плошчы Незалежнасці застанецца радыёактыўная плітка
Плошча Перамогі стала чацвёртым месцам у Мінску, дзе гранітная плітка мае павышаны радыяцыйны фон – 44 мікрарэнтгены ў гадзіну. Але ў сталічным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі не бачаць у гэтым праблемы і мяняць радыяцыйную плітку на плошчы Незалежнасці не лічаць патрэбным.
Меркаванне, што на плошчы Перамогі плітка яшчэ больш радыеактыўная, чым на Незалежнасці, “Еўрарадыё” выказаў галоўны інжынер прадпрыемства “Белгран” Леанід Цыганкоў. Гэта прадпрыемства пастаўляла плітку для рэканструкцыі плошчы. Па словах галоўнага інжынера, там ляжыць плітка, вырабленая з граніту трэцяга класу і прывезеная ў Беларусь з Янцаўскага радовішча Украіны. Такія будаўнічыя матэрыялы можна выкарыстоўваць толькі за межамі населеных пунктаў.
Праведзеныя журналістам замеры паказалі, што ўзровень радыяцыйнага выпраменьвання гранітнай пліткі на плошчы Перамогі не перавышае 44 мікрарэнтген у гадзіну. Каментуючы тое, што на плошчы Незалежнасці паклалі радыеактыўныю плітку, намеснік галоўнага санітарнага доктара гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мінску Наталля Жукава ўзровень выпраменьвання ў 40 мікрарэнтген называла максімальна дапушчальным. Між тым, дазіметр Еўрарадыё на плошчы Незалежнасці паказаў 60 мікрарэнтген у гадзіну.
Галоўны інжынер прадпрыемства “Белгран” Леанід Цыганкоў сцвярджае, што плітка на плошчы Незалежнасці адносіцца да будаўнічых матэрыялаў другога класа і яе дазваляецца ўкладаць на адкрытым паветры. А яшчэ да ўкладкі плітка прайшла сертыфікацыю ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце будаўнічых матэрыялаў. Аднак, згодна з пратаколам выпрабаванняў аддзела радыяцыйнай бяспекі і аховы працы Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны”, тратуарная плітка на плошчы Незалежнасці, прывезеная з Токаўскага радовішча, валодае эфектыўнасцю 1060 Бк/кг, што на 330 Бк/кг перавышае ўзровень, пазначаны ва ўкраінскім пашпарце.
Загадчыца лабараторыі фізічнай хіміі сілікатаў інстытута будаўнічых матэрыялаў Ала Губская пацвердзіла, што аналізы проб граніту яны праводзілі. Фон быў на мяжы дазволенага. Але ці той граніт ўкладалі на плошчы, пробы якога яны правяралі, яна казаць не бярэцца.
Да гэтага часу не вырашана, што рабіць з радыеактыўнай пліткай на плошчы Незалежнасці. Намеснік галоўнага санітарнага доктара Мінску Наталля Жукава лічыць, што трэба не плітку мяняць, а людзей “супакойваць”.
“Людзі хочуць, каб памянялі плітку. А навошта? Можа, якіх 20, а то і 10 плітак трэба замяніць на іх думку, але навошта іх мяняць? Калі небяспечна, значыць небяспечна. Калі ёсць праблема, значыцца, гэта праблема. Толькі праблема не ў тым, каб плітку замяніць альбо не, а каб народ не хваляваўся”.
Еўрарадыё знайшло ўжо чатыры месцы ў Мінску, дзе тратуарная плітка мае павышаны радыяцыйны фон – на плошчы Незалежнасці, каля Мінгарвыканкаму, Ратушы і на плошчы Перамогі. Даведацца, ці не “свеціцца” тратуар побач з вашым домам, можа кожны цікаўны пры наяўнасці ў яго індывідуальнага дазіметра. Мэнэджэр па продажах галоўнага вытворцы бытавых дазіметраў прадпрыемства “Белвар” Генадзь Гайко ўпэўніў, што прыбораў выпускаецца столькі, каб хапіла забяспечыць усіх жадаючых. Але ў гандлёвым доме “Белвар” сказалі, што вось ужо тры тыдні як дазіметраў у продажы няма. Жадаючыя набыць прыбор запісваюцца ў чаргу.