Адкрыты ліст Нарвежскага Хельсінскага Камітэта да Аляксандра Лукашэнкі
Спадару Аляксандру Лукашэнку
Прэзідэнцкая Адміністрацыя Рэспублікі Беларусь
Факс ++ 375 17 2260610
Осла, 4 лістапада 2004 г.
Вашая высокасьць!
Нарвежскі Хельсінскі Камітэт глыбока занепакоены тым, што 1 лістапада 2004 году суд Леніскага раёна Гародні прысудзіў журналісту Паўлу Мажэйку, старшыні гарадзенскай філіі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, сем дзён арышту. Ён быў прызнаны вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня пікета згодна зь першай часткай артыкула 167-1 Адміністратыўнага Кодэкса. Павел Мажэйка быў асуджаны за ўдзел у дванаццаціхвілінным пікеце, праведзеным пяцьцю журналістамі 4 кастрычніка 2004 году на знак пратэсту супраць прысуду, вынесенага галоўнай рэдактарцы газэты “Биржа ?#152;нформации” Алене Раўбецкай. Два іншыя журналісты, Анатоль і Натальля Макушыны, былі аштрафаваныя за тое ж правапарушэньне.
Павел Мажэйка абвесьціў галадоўку, паколькі лічыць вынесены яму прысуд незаконным. Да 2002 году Мажэйка працаваў журналістам у газэце “Пагоня”, што была потым зьліквідаваная. Тым годам Мажэйка і галоўны рэдактар той жа газэты Мікола Маркевіч былі атрымалі год і паўтары гады абмежаваньня свабоды за парушэньне першай часткі артыкула 367 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь – за “зьнявагу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, на судзе, які выклікаў як народнае, так і міжнароднае абурэньне зьнявагай міжнародных стандартаў свабоды выяўленьня і права на справядлівы суд.
Рашэньне Ленінскага суда ад 1 лістапада – не навіна, а хутчэй яшчэ адна праява палітыкі вашага прэзідэнцтва, накіраванай на падаўленьне свабоды меркаваньня, выяўленьня і мірных сходаў у імкненьні падавіць апазіцыю. Тое ж датычыць і закрыцьця вялікай колькасьці незалежных медыйных крыніц, арыштаў і ліквідацыі палітычных партый і недзяржаўных арганізацый. Гэта пацьвяржаецца і тым, што болей за пяцьдзесят мірных удзельнікаў пікетаў былі затрыманыя і ўвязьненыя з часу абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў 15 кастрычніка. Некаторыя зь іх, напрыклад, лідэр адной з апазіцыйных партый, былі зьбітыя міліцыяй.
Нарвежскі Хельсінскі Камітэт заклікае беларускія ўлады пакласьці канец рэпрэсіям у дачыненьні да ўласнага насельніцтва вызваленьнем усіх вязьняў, якія патрапілі ў турму па палітычных абвінавачваньнях, у тым ліку і Мажэйку, і прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі і канвенцыямі, падпісанымі Беларусьсю. У прыватнасьці, заканадаўства павінна ясна ахоўваць права на сход і свабоднае выяўленьне меркаваньняў, нават калі гэтыя меркаваньні не падзяляюцца урадам Беларусі.
Нарвежскі Хельсінскі Камітэт хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу на артыкул 19 Міжнароднага Пакта аб Грамадзянскіх і Палітычных Правах, удзельнікам якога ёсьць і Беларусь: “Кожны мае права на свабоду выяўленьня”. Болей таго, мы хацелі б зьвярнуць вашую ўвагу на артыкул 21 таго ж пакта: “Права на мірны сход павінна прызнавацца. Гэтае права не павінна падвяргацца ніякім абмежаваньням апрача тых, якія накладваюцца ў адпаведнасьці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах нацыянальнае бясьпекі альбо грамадскай бясьпекі, грамадскага парадку, абароны грамадскага здароўя і маралі або абароны правоў і свабодаў іншых”. Нарвежскі Хельсінскі Камітэт заклікае беларускія ўлады прывесьці ў адпаведнасьць з дадзенымі абавязацельствамі як заканадаўства, так і судовую практыку.
Шчыра ваш,
Б’ёрн Энгесланд
Генеральны сакратар
Нарвежскага Хельсінскага Камітэта
Осла, Нарвегія
Копіі:
Міністэрству Замежных Справаў Беларусі; факс (++375 17) 227 4521
Нарвежскаму прэм’ер-міністру К’елу Магнэ Бондэвіку
Нарвежскаму міністру ўнутраных справаў Яну Петэрсэну
Старшыні Пастаяннага Камітэту Замежных Справаў нарвежскага Парламента (Стортынг) Торнб’ёрну Ягланду