viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “Законапраект аб супрацьдзеяньні экстрэмізму – гістэрыя рэжыму”

2007 2007-11-06T17:01:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валянцін Стэфановіч, Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Напрыканцы кастрычніка Палата прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь прыняла ў першым чытаньні законапраект “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”, які быў унесены на разгляд КДБ Беларусі. Перад “палаткай” выступіў прадстаўнік Камітэту дзяржбясьпекі, які распавёў прысутным аб тым, што КДБ не хапае заканадаўчай базы, каб супрацьстаяць эктстрэмісцкай дзейнасьці ў краіне. Па словах прадстаўніка дадзенага ведамства, экстрэмізм і ягоныя праявы атрымалі шырокі распаўсюд у Беларусі, а краіны Захаду рыхтуюць інтэрвенцыю супраць нашай краіны. Відаць, у жаху ад расповедаў прадстаўніка органу дзяржбясьпекі, прадстаўнікі органу заканадаўчага прыняліся галасаваць за новы Закон.

Безумоўна, праявы экстрэмізму ў нашым грамадзтве ёсьць. І змагацца з імі трэба. Але ці сапраўды для змаганьня з такімі праявамі не хапае юрыдычнай базы? У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсьць артыкулы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць і за распальваньне нацыянальнай, расавай, рэлігійнай і іншай варожасьці (арт. 130 КК РБ), і за дзейнасьць арганізацыяў, якія пасягаюць на законныя правы асобы і грамадзянаў краіны (арт. 193 КК РБ), і за стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня (арт. 287 КК РБ), і за заклікі да зьвяржэньня існуючага канстытуцыйнага ладу (арт.361 КК РБ). Вядома, ёсьць пэўныя прабелы ў дзеючым заканадаўстве, які яварта было б урэгуляваць у мэтах больш дзейснага прадухіленьня праяваў эстрэмізму ў краіне.

Прыгадваецца выпадак, калі ў 2004 годзе на адзін з “ланцугоў неабыякавых людзей”, акцыю прымеркаваную да гадавіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі, прыйшлі прадстаўнікі скін-хэдаўскіх груповак. На Кастрычніцай плошчы, на якой праходзіла акцыя, было як заўсёды дастаткова шмат прадстаўнікоў правааахоўных органаў, як у форме, так і ў цывільным. На рукаве аднаго са “скіноў” я заўважыў стылізаваную свастыку РНЕ. Я падыйшоў да маладзёна і, узяўшы яго за руку, падвёў да аднаго з дзяжурыўшых на плошчы міліцыянтаў. “Паглядзіце, з якой выявай у 60-ую гадавіну вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі ходзіць гэты малады чалавек!” – сказаў я міліцыянту. Той загадаў “скіну” апрануць куртку і …. адпусьціў яго. Чаму? Таму што нідзе ў законе няма забароны на публічную дэманстрацыю фашыстоўскай сімволікі. Як нідзе ў дзеючым заканадаўстве няма апісаньня, што зьяўляецца фашыстоўскай сімволікай. Дадазеныя законы прынятыя ва ўсіх Еўрапейскіх краінах. Есьць такі закон і ў суседняй Расіі. У Латвіі і Эстоніі разам з забаронай на публічную дэманстрацыю фашыстоўскай сімволікі (свастыкі і яе стылізаваных выяваў) забароненая публічная дэманстрацыя камуністычных сімвалаў (сярпа і молату).

У Беларусі ёсьць арт. 167.2 КаАП Рэспублікі Беларусь, які забараняе карыстацца незарэгістраванымі сьцягамі, вымпеламі, а таксама эмблемамі, выявамі, зьмест якіх наносіць шкоду грамадзкім і дзяржаўным інтарэсам, падчас правядзеньня спартыўных, культурна-масавых і іншых масавых мерапрыемстваў. Але па гэтым артыкуле чамусьці прыцягваюць да адказнасьці за карыстаньне нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. Як штогод у мястэчку Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці мясцовых актывістаў прыцягваюць да адміністратыўнай адказанасьці за тое, што яны выкарыстоўваюць нацыянальныя сьцягі падчас ушанаваньня памяці братоў Каліноўскіх -- удзельнікаў народна-вызвольнага паўстаньня супраць расейскага царызму. Для гэтага заканадаўчай базы хапіла, а вось каб прыцягнуць да адказнасьці малойчыкаў са свастыкамі, юрыдычнай базы не хапае.
Як не хапае базы прыцягнуць да адказнасьці, хаця б грамадзянскай, за антысеміцкія закіды ў кнізе “Вайна па законах подласьці”, неаднойчы перавыдадзенай выдавецтвам “Праваслаўная кніга” і спакойна распаўсюджваемай праз сістэму гандлю. Паглядзіце на афіцыйныя дэманстрацыі з нагоды г.зв. Дня незалежнасьці. Асабіста я, як і тысячы нашчадкаў рэпрэсаваных грамадзянаў нашай краіны, публічную дэманстрацыю партрэтаў Сталіна ўспрымаю як праяву эстрэмізму. А чаго вартая нядаўна пабудаваная “лінія Сталіна”? Імя Сталіна рэабілітуецца ўладамі, вяртаецца ў грамадзкую сьвядомасьць. Прадстаўнікам экстрэмісцкай, незарэгістраванай у Міністэрстве юстыцыі Беларусі НБП (нацболаў Лімонава) дазволілі праводзіць пікет на пл. Бангалор (як фізычным асобам). Ды і чаму б не дазволіць, калі “нацболы” выступаюць з гарачай падтрымкай А. Лукашэнкі, за аднаўленьне “вялікага і магутнага” СССР, фактычна выступаюць за ліквідацыю суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Мала юрыдычнай базы?

Выступ намесьніка старшыні КДБ таварыша Дземянцея перад “парламентарамі”, зразумела, паказвае, каго дадзенае ведамства бачыць у ролі эсктрэмістаў. Усе прыхільнікі пераменаў, праціўнікі інснуючай неа-савецкай палітычнай сістэмы, прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі --- эктрэмісты. Прыняцьце гэтага закону менавіта зараз зразумелае. Наперадзе выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ёсьць пільная неабходнасьць узмацніць “працу” ўсіх дзяржаўных органаў, у тым ліку і КДБ па забесьпячэньні чарговай “элегантнай перамогі” А. Лукашэнкі на гэтых выбарах, сітуацыя для якога зараз крытычная. Пасьля таго, як у мінулым годзе Венецыянская камісія зрабіла заключэньне аб неканстытуцыйнасьці пытаньняў, вынесеных на рэферэндум, вельмі вырагодна, што ў гэтым годзе тая ж камісія зробіць заключэньне аб незаконнасьці ўдзелу ў бліжэйшых выбарах кандыдата А. Лукашэнкі. Гэтае ж меркаваньне можа быць падтрыманае і АБСЕ.

Мясцовыя “эстрэмісты”, безумоўна, таксама пачнуць прапаганду незаконнасьці ўдзелу А. Лукашэнкі ў выбарах, будуць распаўсюджваць адпаведную друкаваную прадукцыю, пачнуць правядзеньне несанкцыянаваных масавых мерапрымстваў, заклічуць народ мірным шляхам бараніць свой выбар ад фальсіфікацыяў…

Усяму гэтаму “экстрэмізму” трэба супрацьстаяць. Але як? Дадзеныя дзеяньні заўсёды можна будзе падвесьці пад вызначэньне “эстрэмізм”: напрыклад, “дзейнасьць, скіраваная на падрыў нацыянальнай бясьпекі дзяржавы”, ці “арганізацыя хуліганскіх дзеяньняў па матывах ідэалагічнай розні ці варожасьці” – гэтыя фармулёўкі з прапанаванага законапректу.

У цэлым законапраект не прапануе нічога новага ў параўнаньні з дзеючым заканадаўствам і таму зьяўляецца дакументам хутчэй ідэалагічным, чым юрыдычным. Забарону на ажыцьцяўленьне дзейнасьці, якая скіраваная на прапаганду расавай, нацыянальнай, сацыянальнай варожасьці, захоп улады неканстытуцыйным шляхам і іншыя дзеяньні такога кшалту забароненыя законамі “Аб грамадскіх аб’яднаньнях”, “Аб палітычных партыях”, “Аб масавых мерапрыемствах” і інш. Гэтыя законы прадугледжваюць ліквідацыю і прыпыненьне дзейнасьці партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў за такую дзейнасьць у судовым парадку. Акрамя таго, дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў забароненая, і за гэта ўстаноўленая адміністратыўная адказнасьць (Арт. 167.10 КаАП РБ). Штогод дзесяткі актывістаў дэмакратычных рухаў прыцягваюцца да адказнасьці па гэтым артыкуле. Дзесяткі НДА краіны ліквідаваныя ў судовым парадку і без абвінавачаньняў у экстрэмісцкай дзейнасьці.

Распаўсюд друкаваных матэрыялаў, які ўтрымліваюць прапаганду нацыянальнай, расавай і іншай варожасьці ў СМІ, іншых друкаваных матэрыялах, забаронены Законам “Аб сродках масавай інфармацыі”. За распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходзячых дадзеных, зьмест якіх накіраваны на прычыненьне шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, таксама ўстаноўленая адміністратыўная адказнасьць (арт. 172 ч. 3 КаАП РБ). Штогод тысячы дэмакратычных актывістаў прыцягваюцца да адказнасьці па гэтым артыкуле за распаўсюд “самвыдату”. Незалежныя газеты ліквідуюцца і без “экстрэмізму” -- за дробныя парушэньні заканадаўства аб СМІ ці проста забараняецца іх распаўсюд.
Згодна з законапраектам, прафілактыку праяваў экстрэмізму будуць ажыцьцяўляць органы пракуратуры, Міністэрства юстыцыі, КДБ і іншыя дзяржаўныя органы. Яны будуць выносіць афіцыйныя папярэджанні арганізацыям і грамадзянам аб недапушчальнасьці “экстрэмісцкай дзейнасьці”. Але, наколькі я памятаю ўніверсітэцкі курс права, органы пракуратуры, КДБ і Міністэрства юстыцыі і так надзеленыя такім правам. Тут варта ўзгадаць масавую кампанію па папярэджаньні органамі пракуратуры актывістаў апазіцыі падчас правядзеньня альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў у 1999 годзе. Менавіта ў той час супраць Віктара Ганчара была ўзбуджаная крымінальная справа “за незаконнае прысваеньне ўладных паўнамоцтваў”.

Мы ўжо гэта праходзілі. Нічога новага дадзены законапраект не прадугледжвае. Гэта нішто іншае, як гістэрычнае нагнятаньне атмасферы страху ў грамадзтве напярэдадні выбараў Прэзідэнта.
Пры ўсіх гэтых варунках ня трэба забываць, што народ Беларусі мае поўнае права на мірны пратэст, і ў тым ліку -- супраць дыктатарскага рэжыму А. Лукашэнкі, мае права сказаць яму “досыць”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства