viasna on patreon

На плошчы Незалежнасці паклалі радыеактыўную плітку

2007 2007-11-01T13:57:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Як даведалася Еўрарадыё, тратуарная плітка, якой выкладзеная плошча Незалежнасці ў Мінску, мае павышаны радыеактыўны фон. Гэтую плітку ўвогуле катэгарычна забаронена прымяняць на тэрыторыі горада. Чыноўнікі яшчэ у траўні даведаліся, што ўзровень радыяцыі ў ёй перавышае нармальны ў 2 разы, аднак небяспечная плітка “ўпрыгожвае” плошчу да гэтага часу.

“Эфектыўная магутнасць гама-выпраменьванняў ад тратуарнай пліткі перавышае больш чым на 0,2мкЗв/гадз. магутнасць дозы фонавага выпраменьвання, што з’яўляецца недапушчальным пры праектаванні ў будаўніцтве”, — так запісана ў пратаколе выпрабаванняў аддзела радыяцыйнай бяспекі і аховы працы Інстытута энэргетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны”.

Цікава, што заказчыкам травеньскіх лабараторных даследаванняў было Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Такім чынам, на плошчы Незалежнасці шукалі не радыяцыю, а эканамічныя парушэнні. Можа, таму ўжо шэсць месяцаў чіноўнікі не ведаюць, што рабіць з гэтай гранітнай пліткай…

Загадчык аддзела радыяцыйнай бяспекі Інстытута “Сосны” Аляксандр Мазанік пацвердзіў Еўрарадыё інфармацыю пра павышаную радыеактыўнасць тратуарнай пліткі на плошчы. Па яго словах, даследаванні праводзіліся не для таго, каб вызначыць наколькі выпраменьванне ад пліткі шкоднае для здароўя людзей, а каб праверыць… сертыфікаты адпаведнасці на яе.

Аляксандр Мазанік: “Усё пытанне было звязана не столькі са здароўем, колькі з тым, ці парушаныя працэдуры пры праверцы сертыфікатаў, калі клалася гэтая плітка”.

Па словах навукоўца, плітка ад пачатку мела павышаную радыеактыўнасць, да апрацоўкі на вытворчасці. Гэта значыць, што ў тым кар’еры, адкуль прывезлі граніт на завод, быў вялікі ўзровень радыяцыі.

Аляксандр Мазанік: “Гэта прыродная плітка, з кар’ера ўзятая. Штучна туды нічога не дадавалі, гэта ўсё ад прыроды. І гэта — радый, торый. Яны і даюць радыеактыўнасць”.

Зрабілі спецыялісты і яшчэ выснову: класці такую плітку ў горадзе нельга: “Сферай прымянення такіх будаўнічых матэрыялаў з’яўляецца дарожнае будаўніцтва па-за межамі населеных пунктаў”. Толькі казаць, наколькі плітка на плошчы небяспечная для здароўя людзей ды ці можна на ёй сядзець, загадчык аддзела радыяцыйнай бяспекі адмовіўся.

Аляксандр Мазанік:
“Мая справа была памераць і даць вынікі тым, хто прымае рашэнне. Што я магу параіць — сядзець ці не сядзець… Я б увогуле не засяроджваў увагу на гэтым. Калі б я так засяроджваў, то не працаваў бы на гэтым месцы”.

Калі зыходзіць з “Пратакола выпрабаванняў”, гранітная плітка на фантанах плошчы Незалежнасці — у норме. Дазіметр паказаў небяспечнасць пліткі “з фіялетавым адценнем”, якая ідзе ад фантанаў, ды так званае “тратуарнае кальцо”. Калі навукоўцы спрабавалі браць замеры пліткі ў іншых месцах горада – там усё было добра.

Намеснік галоўнага санітарнага доктара гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мінску Наталля Жукава ўпэўніла Еўрарадыё, што ўзровень радыяцыі пліткі ў межах дапушчальнага.

Наталля Жукава:
“Там на мяжы яна, калі казаць цалкам праўдзіва. Дапускаецца ў 2 разы перавышэнне асноўнага фону. Асноўны фон розны. Летам 20, зімой крыху менш, бо знізілася сонечная актыўнасць. А там 38, 40, здаецца, на мяжы, быў”.

Па яе словах, хадзіць ды сядзець на радыеактыўнай плітцы не шкодна для здароўя. Невядома, ці небяспечна было працаваць з гэтай пліткай будаўнікам.

Наталля Жукава: “Хадзіць там можна спакойна, абсалютна. Іншая справа, што там яшчэ разбіраюцца “органы”, але гэта пытанне эканамічнае. Мы памералі — аддалі вынікі. Калі б мы хоць на хвіліну сумняваліся, ці можна насельніцтву там гуляць, безумоўна, мы прымалі б усе тыя меры, якія нам дазваляе заканадаўства санітарнае. Можаце быць упэўненыя: мы пастановы выносім заўсёды, калі гэта неабходна”.

Што рабіць з радыеактыўнай пліткай, у сталічным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі дагэтуль не ведаюць. Кажуць, патрэбныя дадатковыя даследаванні.

Наталля Жукава: “Здымаць яе ці не здымаць, мы правядзем яшчэ даследаванні і тады падамо звесткі”.

Аднак, як стала вядома Еўрарадыё, гарадскі цэнтр гігіены ўжо праводзіў лабараторныя даследаванні тратуарнай пліткі з плошчы Незалежнасці – у траўні, адначасова са спецыялістамі Інстытута энэргетычных і ядзерных даследаванняў. Тыя свае высновы зрабілі. Навошта дадатковыя аналізы санітарнай службе — не зразумела. Тым часам плітка, якую забаронена прымяняць у межах населеных пунктаў, упрыгожвае галоўную плошчу краіны…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства