Пінск: аднаўляецца суд над лідэрам прадпрымальнікаў
Сёньня ў другой палове дня Пінскі гарадзкі суд працягне разгляд адміністрацыйнай справы мясцовага лідэра прадпрымальнікаў Аляксандара Васільева. Яго вінавацяць у арганізацыі 2 кастрычніка несанкцыянаванага ўладамі сходу на калгасным рынку ў Пінску і агітацыі да ўдзелу ў агульнабеларускім страйку прадпрымальнікаў.
Першае судовае паседжаньне над Аляксандарам Васільевым адбылося 24 кастрычніка. Падтрымаць сябра прыйшлі яго паплечнікі ў грамадзкім аб’яднаньні “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, журналісты. Зь Віцебску прыехаў праваабаронца Валеры Шчукін.
Суд 24 кастрычніка доўжыўся 15 хвілінаў і быў спынены з-за неабходнасьці выкліку дадатковых сьведак.
Аляксандару Васільеву 39 гадоў. Ён зьяўляецца сябрам аргкамітэту ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “За Свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Сёлета за ўдзел у грамадзкіх акцыях пратэсту Аляксандар Васільеў падвяргаўся арыштам на 15, 7 і 5 сутак.