viasna on patreon

2 лістапада ў Цэнтральным судзе Гомеля працягнецца разгляд пазову студэнта-выдатніка Зьміцера Жалезьнічэнкі

2007 2007-10-25T17:17:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд пачаўся з адводу прадстаўніцы ўнівэрсітэту, начальніцы ягонага юрыдычнага аддзелу Ірына Пухляковай, якая не так даўно сама была судзьдзёй Цэнтральнага раёну. Аднак Алена Цалкова, якая вядзе разьбіральніцтва, адхіліла гэтае хадайніцтва абаронцы Зьміцера Жалезьнічэнкі.

У судзе прадстаўніца ўнівэрсытэту спрабавала абгрунтаваць правільнасьць загаду рэктара ад 7 верасьня пра адлічэньне студэнта 3 курсу матэматычнага факультэту спадара Жалезьнічэнкі “за сыстэматычнае парушэньне Правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэту”.

Аднак абгрунтаваньне “сыстэматычнага парушэньня” спадарыні Пухляковай давалася зь цяжкасьцю. Гэта выклікала сьмех у судовай зале, і прадстаўніца ўнівэрсітэту, відаць, успомніўшы свой судзейскі вопыт, дакарала прысутную грамаду: “Пераблыталі будынак суду з цыркам”.

Выключаны студэнт не раз, што называецца, заганяў у кут прадстаўніцу ўнівэрсітэту сваімі пытаньнямі, звяртаючы ўвагу, што яна ўводзіць суд у зман. І спадарыні Пухляковай нічога не заставалася, як указваць “на маладосьць Зьмітра” ды “на аналітычны склад ягонага розуму”.

Падчас разьбіральніцтва стала відавочным, што вымову ў лістападзе 2006 году ад дэканату Зьміцер Жалезьнічэнка атрымаў за адмову пісаць тлумачэньне наконт 20 гадзінаў пропуску заняткаў. А выключаны ён быў з унівэрсітэту пасьля таго, як 3 верасьня абласная падатковая інспэкцыя даслала ва ўнівэрсітэт яшчэ не набыўшую юрыдычнай моцы пастанову гаспадарчага суду. Апошні за арганізацыю на канікулах канцэрту беларускамоўных бардаў наклаў на Жалезнічэнку штраф за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Але гэта не падпадае пад парушэньне Правілаў унутранага распарадку ўнівэрсітэту.

Ня высьветленай застаецца функцыя прэзыдыюму прафсаюзу студэнтаў, які без запрашэньня Жалезьнічэнкі даў згоду на ягонае адлічэньне.

Калі аргумэнты ўнівэрсытэту павісьлі ў паветры, Ірына Пухлякова спрабавала выставіць адлічанага студэнта-выдатніка ці адно не закаранелым хуліганам.
І група падтрымкі ў яго ёсьць, і ўлёткі яна распаўсюджвае. І сам Жалезьнічэнка ўжо пасьля адлічэньня арыштаваны быў на 8 сутак за лаянку і пакараны штрафам за непадпарадкаваньне міліцыі. Таму яго ніяк нельга аднавіць ва ўнівэрсытэце й сплаціць стыпендыю, бо пасьля гэтага патрэбна будзе звольніць нанова за хуліганства.

Пацьвердзілася ранейшая выснова назіральнікаў, што студэнт-выдатнік адлічаны з унівэрсытэту менавіта за сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю. Таму й патрэбна было “павесіць” на яго нейкае хуліганства.

На наступнае паседжаньне суду, якое прызначана на 2 лістапада, выкліканы дэкан матэматычнага факультэту Сяргей Жогаль, старшыня студэнцкага прафкаму Надзея Колтышава. Запатрабаваны таксама розныя дакумэнты на адлічэньне.

Адвакат Жалезьнічэнкі Пётр Барысаў хадайнічаў пра выклік у суд рэктара ўнівэрсытэту Аляксандра Рагачова. Аднак прадстаўніца ўнівэрсытэту патлумачыла суду, што рэктар вельмі часта знаходзіцца ў разьездах. Яго мэтазгодна выклікаць, калі іншыя супрацоўнікі ня здолеюць патлумачыць сітуацыю з адлічэньнем студэнта-выдатніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства