viasna on patreon

Выступленьне прадстаўніка Уладзімера Лабковіча ў Вярхоўным судзе Беларусі 25 кастрычніка пад час разгляду скаргі праваабаронцаў на рашэньне Мінюсту аб адмове ў рэгістрацыі ГПА "Вясна"

2007 2007-10-26T17:05:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высокі суд, я спынюся на некаторых момантах претэнзіяў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, якія на думку Міністэрства зьявіліся падставамі для адмовы ў рэгістрацыі Грамадзкага правабарончага аб’яднання “Вясна”.  На іншых момантах спыняцца мае калегі. 

 

Першае. У сваім рашэньні Міністэрства юстыцыі ўказвае, што ў ходзе праверкі дакладнасьці інфармацыі аб заснавальніках аб’яднаньня выявілася, што асобныя зьвесткі, якія ўказаныя ў сьпісе заснавальнікаў не адпавядаюць рэчаіснасьці. Аднак з рашэньня Міністэрства юстыцыі, якое ёсьць у матэрыялах справы, а таксама з пісьмовага адказу Міністэрства юстыцыі не вынікае, якія менавіта зьвесткі не адпавядаюць рэчаінасьці. Такім чынам, дадзеная претэнзія Мінюста не адлюстравана ў рашэньні Міністэрства, не канкрэтызавана ў пісьмовым адказе заснавальнікам, а таксам ў пярэчаньні на скаргу. У адпаведнасьці з арт. 15 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаннях” падставай для  адмовы ў рэгістрацыі ўказаньне недакладных зьвестак аб заснавальніках аб’яднаньня не зьяўляецца.

Таксама трэба адзначыць, што ў ходзе праверкі дакументаў аб рэгістрацыі, якія былі перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі 23. 07. 2007года супрацоўнікі ўсіх без выключэньня абласных упраўленьняў юстыцыі абтэлефаноўвалі ўсіх заснавальнікаў, якія пражываюць на тэрыторыі адпаведных абласьцей з мэтай удакладненьня іх удзелу ў сходзе, а таксама наконт сапраўдных зьвестак асобаў. Такім чынам рэгіструючы орган мог пераканацца, што ўсе заснавальнікі сапраўды прымалі ўдзел у сходзе і перадалі наконт сабе сапраўдныя зьвесткі.

25 ліпеня я асабіста тэлефанаваў прадстаўніку міністэрства сп. Печкурову з прапановай пазьбегнуць непаразуменьняў і канструктыўна выправіць усе недахопы, ў выпадку іх знаходжаньня. Сп. Печкуроў катэгарычна адмовіўся ў такім супрацоўніцтве, паведаміўшы, што ўся інфармацыя будзе адлюставаная выключна ў рашэньні Міністэрства. Гэта красамоўна падцьвярджае, што Міністэрства не ставіла на   мэце аб’ектыўную праверку дакументаў, а наадварот, пры любых, нават надуманых падставах, было намерана адмовіць у рэгістрацыі.

Другое. Наступным парушэньнем на якое ў сваёй адмове ў рэгістрацыі акцэнтуе ўвагу Міністэрства юстыцыі, зьўляецца наяўнасьць сярод заснавальнікаў 20 асобаў, якія прыцягваліся і нават неаднаразова да адміністрацыйнай адказнасьці.  Праўда ўжо ў пярэчаньні на скаргу прадстаўнік Мінюста ўказвае, што дадзеная інфармацыя зьмешчана з мэтай звярнуць увагу на тое, колькі з заснавальнікаў і за што прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасьці. У паведамленьні, якое зьмешчана на афіцыйным сайце міністэрства дадзеная падстава пазначана, як падстава ў адмове ў рэгістрацыі. Такая выснова, мякка кажучы, выклікае здзіўленьне. Прымаючы сваё рашэньне рэгіструючы орган павінен кіравацца толькі законам, а не сваімі надумкамі. У сувязі з такім указаньнем рэгіструючага орагана жалаем адзначыць, што ў адпаведнасьці з арт. 2.8. КаАП Рэспублікі Беларусь, асоба  не лічыцца прыцягнутай да адміністрацыйнай адказнасьці, калі на працягу года не здзяйсьнялася новае правапарушэньне. Што тычыцца апісаньня, за якія правапарушэньні і па якіх артыкулах прыцягваліся засанавальнікі, то некаторыя артыкулы выключаны з складу новага КаАП і на дадзены момант не зьяўляюцца  правапарушэньнямі. Так, не зьяўляецца асобным правапарушэньнем распаўсюд друкаванай прадукцыі, вырабленай з парушэньнем устаноўленага парадку і не маючай выходных дадзеных, зьмест якіх скіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, правам і законым інтарэсам грамадзян, а таксама  выкарыстаньне на масавых мерапрыемствах незарэгістраванай сымболікі.

У адпаведнасьці з арт.8 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” заснавальнікамі грамадзкіх аб’яднаньняў могуць выступаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 год. Такім чынам, пазначаючы наяўнасьць у заснавальнікаў асобаў, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, як адзін з матываў адмовы ў рэгістрацыі аб’яднаньня, нельга разглядаць інакш як паражэньне ў правах, што супярэчыць і закону і дзеючай Канстытуцыі. Я разумею, што ў Міністэрства юстыцыі хапіла розуму і здаровага сэнсу ўжо ў пярэчаньні на скаргу зьмякчыць свае высновы. Праўда, дадзеная незаконная падстава ляжыць у аснове дадумак наконт таго, што мэта дзейнасьці аб’яднаньня не адпавядае ч.3 арт.9 закона. Неяк мудрагеліста Мінюст прыйшоў да высновы, што аб’яднаньне пераследуе іншую мэту, чым тую, якая пазначана ў Статуце, г.зн. сярод яе заснвальнікаў такая колькасьць раней прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці. На гэтым падрабязьней спыніцца наступны выступоўца, я толькі пазначу, што Міністэрства юстыцыі, грэбуючы нормамі закона, шукае любыя падставы для  нерэгістрацыі “Вясны”, нават не клапоцячыся аб тым, каб гэтыя падставы хоць неяк адпавядалі дзеючаму заканадаўству.

Трэцяе. Адной з падставаў у адмове ў рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі ўказала, што назва аб’яднаньня па сутнасьці раўназначнае раней ліквідаванаму рашэньнем Вярхоўнага суда Грамадскага аб’яднаньня “Правабарончы цэнтар “Вясна”. Дадзенае падстава нават пры мінімальным аналізе выклікае здзіўленьне. У адпаведнасьці з арт. 12. Закона, назва грамадскага аб’яднаньня павінна утрымліваць указаньне на яго арганізацыйна-прававую форму і характар дзейнасьці.

Такім чынам нашае аб’яднаньне мае ўказаньне на арганізацыйна-прававую форму – “Грамадзкае аб’яднаньне”, характар дзейнасьці -  “праваабарончае”, а асабістая назва “Вясна”. Раней ліквідаванае аб’яднаньне мела назву Грамадскае аб’яднаньне – як абазначэньне арганізацыйна-прававой формы і асабістую назву “Праваабарончы цэнтар “Вясна”. Прыведзены артыкул закона прадугледжвае, што назва грамадскага аб’яднаньня павінна адрознівацца ад назваў і сімволікі іншых грамадскіх аб’яднаньняў, саюзаў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, або ліквідаваных па рашэньні судовых органаў.

Такім чынам відавочна, што маецца супадзеньне ў адным слове і істотнае адрозьненьне ў цэлым выразе з двух словаў. Калі Мінюст прымае такое рашэньне, то ён фактычна забараняе выкарыстаньне ў назве слова “вясна”, што вельмі нагадвае абсурд у стыле Аруэла. Таксама хачу адзначыць, што ў адпаведнасьці з арт.15 Закону падставай для адмовы ў рэгістрацыі зьўляецца  адзінае – адмова выканаць законнае патрабаваньне адпаведнага рэгіструючага органа аб змяненьні гімна, значка, вымпела, гальштука. Нашаму аб’яднаньню не паступала такой прапановы. Гіпатэтычна нам нават магло быць увогуле не вядома пра такое супадзеньне, таму Мінюст і павінен быў выступіць з патрабаваньнем зьмены назвы, а не адмаўляць у рэгістрацыі. Таму лагічна, як ўжо адзначалася вышэй,  мы не назіраем сітуацыю супадзеньня назваў, а таксама не парушаем дзеючае заканадаўства. А вось патрабаваньні міністэрства не грунтуюцца на законе і не могуць быць падставай у адмове ў рэгістрацыі па агучаных падставах. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства