Палітвязень Артур Фінькевіч зьмешчаны ў СІЗА
Беларускія ўлады працягваюць перасьледваць палітычна асуджаных дэмакратычных лідэраў.
Як стала вядома ПЦ "Вясна", сёньня за нібыта злоснае парушэньне рэжыму ў СІЗА зьмешчаны моладзевы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне на "хіміі" ў Магілёве. У дачыненьні да яго ўзбуджана крымінальная справа па арт. 415 КК РБ - "Ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі", якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да трох гадоў.
Гэта ўжо не першы раз, калі над Артурам Фінькевічам навісае рэальная пагроза трапіць за краты, бо на яго накладзена не адно дысцыплінарнае спагнаньне.
Варта нагадаць, што на сябра і аднадумца Артура Фінькевіча палітвязьня Зьмітра Дашкевіча дадаткова заведзеная крымінальная справа на мінулым тыдні перададзена ў суд Шклоўскага раёну.