Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу праваабаронцаў на рашэньне Мінюсту аб адмове ў рэгістрацыі ГПА "Вясна"
26 кастрычніка судзьдзя Вярхоўнага суду Беларусі Сьвятлана Яхнавец у 12-00 гадзінаў абвесьціла рашэньне на скаргу Стэфановіча В.К., Лабковіча У.М. і Бяляцкага А.В., якія прасілі адмяніць пастанову Мінюста аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадзкага праваабарончага аб'яднаньня "Вясна" і абавязаць міністэрства зарэгістраваць арганізацыю.
Нягледзячы на тое, што падчас судовага разгляду скаргі фактычна ўсе пярэчаньні Мінюста былі абвергнутыя праваабаронцамі, а прадстаўнік Мінюста ня змог адказаць на шматлікія пытаньні заяўнікаў, Вярхоўны суд прыняў рашэньне на карысьць Міністэрства юстыцыі і адмовіў праваабаронцам у задавальненьні скаргі. Падставай Вярхоўны суд называе супадзеньне назвы - ужываньне слова "вясна" у ліквідаваным раней аб'яднаньні і наноў рэгіструемым ("Праваабарончы цэнтр "Вясна" і "Вясна"), а таксама неадпавядаючы патрабаваньням дзеючага закону надпіс на банкаўскім дакуменце аб аплаце - "рэгістрацыйны збор" замест словаў "дзяржпошліна".
Варта нагадаць, што рашэньне Вярхоўнага суду Беларусі аб ліквідацыі грамадзкага аб'яднаньня "Праваабарончы цэнтр "Вясна" было прынятае роўна чатыры гады таму - 28 кастрычніка 2003 году. На цяперашнім судовым паседжаньні да справы былі далучаныя матэрыялы Камітэту па правах чалавека ААН, згодна з якімі факт ліквідацыі "ПЦ "Вясна"прызнаны неправамоцным і парушаючым Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтае рашэньне Камітэт прыняў у ліпені бягучага году і прапанаваў ураду Беларусі на працягу 90 дзён выправіць сітуацыю, аднак, як бачым, беларускія ўлады цалкам ігнаруюць рэкамендацыі міжнародных арганізацыяў: замест кампенсацыі парушанага права на свабоду ассацыяцыяў, чым магла б стаць рэгістрацыя Грамадзкага праваабарончага аб'яднаньня "Вясна", зноўку абсалютна аналагічнае парушэньне права на свабоду асацыяцыяў.