viasna on patreon

У Горадні студэнтку адлічылі з унівэрсытэту за ўдзел у кампаніі «Выратуем Горадню!»

2007 2007-10-24T17:33:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

23 кастрычніка студэнтка другога курса юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы Кацярына Бычак была азнаёмлена з загадам рэктара аб яе адлічэнні з ВНУ «за парушэнне правілаў унутранага распарадку».

У інтэрв’ю БелаПАН К.Бычак паведаміла, што за ўдзел у грамадскай кампаніі «Выратуем Горадню!» у маі гэтага года яна была затрымана міліцыяй. Тады разам з іншымі маладымі людзьмі яна выйшла на абарону будынка млына другой паловы XIX стагоддзя па вуліцы Васілька, 3, а потым на яе было накладзена адміністрацыйнае спагнанне паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна.

«За свой удзел у акцыі ў той час мяне ніяк не пакаралі ў ВНУ. Потым мяне дома наведвалі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі, якія спрабавалі высветліць розныя дэталі, звязаныя з правядзеннем кампаніі «Выратуем Горадню!». У дэканаце не прынялі да ўвагі паважлівыя прычыны, з?за якіх я прапусціла восем дзён заняткаў у верасні, і на гэтай падставе адлічылі мяне з універсітэта», — зазначыла К.Бычак.

Паводле яе слоў, у неафіцыйнай размове ў дэканаце ёй паведамілі, што сапраўднай прычынай адлічэння з’яўляецца яе ўдзел у акцыях пратэсту супраць разбурэння гістарычнага цэнтра Гродна.

Паводле слоў дзяўчыны, калі ёй не ўдасца аднавіцца ў ВНУ, яна вымушана будзе працягваць вучобу за межамі Беларусі.

У інтэрв’ю БелаПАН гродзенскі грамадскі актывіст Павел Мажэйка назваў адлічэнне К.Бычак з ВНУ «палітычна матываваным, тым больш што дзяўчына не з’яўляецца членам ніякіх палітычных партый або арганізацый, а па сваім унутраным перакананні ўзяла ўдзел у кампаніі». Паводле яго слоў, грамадскасць акажа Кацярыне адпаведную дапамогу, у тым ліку прававую, для яе аднаўлення ва універсітэце або для працягу вучобы за мяжой.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства