viasna on patreon

Вярхоўны суд абвесьціў перапынак у судовым паседжаньні па скарзе ГПА "Вясна" на рашэньне Мінюсту да 25 кастрычніка

2007 2007-10-23T16:19:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся разгляд скаргі Грамадзкага праваабарончага аб'яднаньня "Вясна" на рашэньне Мінюсту, які адмовіў праваабарончай арганізацыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі. На думку правабаронцаў, адмова Мінюсту грунтуецца на цалкам надуманых падставах, а рашэньне носіць менавіта палітычны характар. Сёньня ж аднак на пачатку судовага паседжаньня старшыня і юрысты "Вясны" заявілі хадайніцтва аб тым, каб дасланыя ім афіцыйныя паперы Міністэрства юстыцыі былі прадстаўленыя на беларускай мове, якая зьяўляецца дзяржаўнай мовай ?эспублікі Беларусь.  Акрамя таго, менавіта на беларускай мове былі падрыхтаваныя і пададзеныя ўсе дакументы праваабарончага аб'яднаньня. 

Алесь Бяляцкі адзначыў, што гэта сьведчыць пра абразьлівыя адносіны дзяржчыноўнікаў да заснавальнікаў грамадзкай арганізацыі, да людзей, якія думаюць, гавораць і карыстаюцца беларускай мовай у паўсядзённым жыцьці: "Гэтыя дакументы Мінюсту я расцэньваю як пагарду да беларускай мовы, да мяне асабіста, як да яе носьбіту, да маіх сяброў. Я адзначаю падкрэсьленае нежаданьне чыноўнікаў Мінюсту ўжываць  беларускую мову ў перапісцы, хаця элементарныя правілы моўных стасункаў грамадзянаў і чыноўнікаў як раз базуюцца на тым, што адказ павінен рыхтавацца на мове звароту грамадзянаў".

Алесь Бяляцкі працытаваў выказваньні старшыні Канстытуцыйнага суду ?ыгора Васілевіча, які 8 верасьня гэтага году зьвярнуўся да калегаў-судзьдзяў са словамі, "што цяпер у нас ёсьць аснова дзеля таго,  каб было забясьпечана двухмоўе, <...> ёсьць адпаведная нарматыўная база, што проста дзяржаўныя служачыя павінны неяк падвышаць сваю культуру ў гэтым сэнсе".

Судзьдзя Сьвятлана Яхнавец задаволіла хадайніцтва прадстаўнікоў рэгіструемага аб'яднаньня і абавязала Міністэрства юстыцыі да 17 гадзінаў перакласьці на беларускую мову рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі “Вясны” і свае пісьмовыя пярэчаньні на скаргу, пададзеную ў суд.

Заснавальнікі Грамадзкага праваабарончага аб'яднаньня "Вясна" выказваюць шчырую падзяку ўсім тым, хто адгукнуўся і прыйшоў сёньня на паседжаньне ў Вярхоўным судзе, аказаў маральную падтрымку -  прадстаўнікам партыяў, беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, праваабаронцам.

Працяг разгляду скаргі прызначаны на 10 гадзінаў раніцы 25 кастрычніка. Працэс будзе ісьці на беларускай мове. Прыходзьце! Будзьма разам! 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства