Злапамятны Лукашэнка
Праваабаронцу зь Нясьвіжу затрымалі праз 4,5 гады па абвінавачаньні ў абразе Лукашэнкі. Увесь гэты час Аляксандар Круты хаваўся, але днямі быў затрыманы і цяпер знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА.
Крымінальную справу паводле арт. 368 КК распачалі ў траўні 2003 г. Нясьвіскаму праваабаронцу Аляксандру Крутому закідалі публічную абразу кіраўніка дзяржавы — нібыта ён распаўсюджваў улёткі зьняважлівага зьместу – піша «Наша ніва».
Паводле словаў самога Крутога, ў іх было напісана наступнае: «Органы власти склоняются ко злу (творят зло)». Далей, паводле яго, было напісана: «Я кажу: Лукашен Ко злу не склоняется». Паколькі «Ко» было напісана асобна, праваабаронца не мог зразумець, у чым тут абраза.
Пасьля таго, як распачалі справу, а Аляксандра Крутога вызвалілі з пастарунку, ён зьбег і дагэтуль хаваўся ад праваахоўных органаў. Па словах яго сваякоў, Аляксандра на днях затрымалі ў Менску, адвезьлі ў Нясьвіж, дзе пратрымалі трое сутак. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА.
?эдактар і выдавец незалежнай нясьвіскай газэты «Брама» Алесь Язьвінскі распавёў, што А. Круты з адукацыі фізык, працаваў на Міністэрства абароны, потым стаў прадпрымальнікам. Аднойчы яму не заплацілі за паслугу вялікую суму і гэта прывяло таго да банкруцтва.
«Калі давялося мяняць пашпарт, то ён не меў нават на гэта неабходных грошай, так і не атрымаў дакумэнт» — узгадвае Язьвінскі і выказвае думку, што з гэтай прычыны нясьвіскі праваабаронца ня мог зьехаць за мяжу.
«Гэта бескампрамісны і валявы чалавек, меў вялікі архіў дакумэнтаў, бо не прапускаў ніводнага выпадку парушэньня правоў сваіх землякоў» — зазначае Язьвінскі.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў, што арт. 368 КК мае свой тэрмін даўніны, які, у залежнасьці ад цяжкасьці зьдзейсьненага правапарушэньня, можа складаць 2-3 гады: «Аднак трэба яшчэ высьветліць, ці знаходзіўся Аляксандар Круты ў вышуку, бо ў такім разе ягоную справу мусілі прыпыніць».