Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу грамадзкага актывіста, сябра Моладзі БНФ Зьмітра Жалезьнічэнка
Зьміцер Жалезьнічэнка заявіў, што “ў абласным судзе нічога прынцыпова новага ня ўбачыў. Усё праходзіць, як звычайна. Даведаліся толькі прозьвішча яшчэ аднаго судзьдзі, які мае свае маральныя прынцыпы, сваю адказнасьць, сваё бачаньне таго, як трэба весьці судовыя працэсы. Магчыма, спатрэбіцца для гісторыі”.
17 верасьня ўвечары старшы лейтэнат міліцыі з патрульна-паставой службы Аскераў затрымаў у падземным пераходзе ля ўнівэрмагу выключанага з унівэрсытэту імя Ф.Скарыны студэнта-выдатніка матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнку.
Напачатку моладзевага актывіста абвінавацілі ў згвалтаваньні. З Чыгуначнага райаддзелу міліцыі яго адвезьлі ў Цэнтральны раённы аддзел унутраных справаў, дзе склалі пратаколы нібыта за нецэнзурную лаянку й непадпарадкаваньне міліцыі.
У той жа вечар спадара Жалезьнічэнку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А назаўтра судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка пакарала моладзевага актывіста 8 суткамі арышту й штрафам.
Стала вядома таксама, што Міністэрства адукацыі Беларусі, куды зьвяртаўся выдатнік Жалезьнічэнка, адхіліла ягоную просьбу пра аднаўленьне ва ўнівэрсытэце.