Мастацтва здзіўляць: топ 5 пэрфомансаў Моладзі БНФ
Пэрфоманс (performance) – у літаральным значэньні – прадстаўленьне. Гэта нешта прамежкавае паміж тэатрам і правакацыяй. Кожны пэрфоманс мае задачу: прадэманстраваць або зьвярнуць увагу й, натуральна, зьдзівіць. Пэрфоманс – мастацтва незвычайным чынам паказаць простыя рэчы.
Пачаткоўцам палітычнага пэрфомансу Беларусі лічыцца мастак Алесь Пушкін. Тады, у 1999 годзе, у дзень заканчэньня першага тэрміну Лукашэнкі ля рэзыдэнцыі прэзыдэнта сабралася неймаверная колькасьць журналістаў. Праз колькі хвілінаў на гарызонце апынаецца хударлявая постаць Пушкіна. У руках – тачка гною, загорнутага ў чырвона-зялёныя абрэзкі тканіны. Завяршае карціну партрэт Лукашэнкі, віламі ўбіты ў гной. Пушкін пэўна кіруецца да ўваходу ў будынак па Карла Маркса, 38. Яго прыпыняюць шакаваныя міліцыянты, мастак іх ігнаруе і вывальвае зьмесьціва тачкі да рэзыдэнцыі. Гной для прэзыдэнта. Аплядысмэнты.
Пушкін атрымаў 2 гады ўмоўна за зьнявагу дзяржаўнай сымболікі. Тэрмін выйшаў, а сьвет дагэтуль узгадвае той дзень.
На добры лад, пэрфомансы мусяць адбывацца без затрыманьняў. У гэтым і ёсьць іх адрознасьць ад масавых акцыяў. Важна, каб пэрфоманс быў зафіксаваны журналістамі. Ня ўсе мінакі сходу зразумеюць, што дзеецца. Інфармацыйная нататка дае магчымасьць асэнсаваць. Публіка ацэньвае найперш задуму пэрфаматара, а не выкананьне.
Самай актыўнай у справе палітычных пэрфомансаў ёсьць моладзь БНФ. За год удаецца правесьці з тузін падобных акцыяў акцыяў.
5. Дзень касманаўтыкі – вялікі дзень у жыцьці кожнага беларуса. 12 красавіка ля ўваходу ў краму “Імпульс” у Менску пачало адбывацца неверагоднае. НЛА прасіла кантакту. Андрусь Ігнатовіч, пераапрануты ў лятаючую талерку, раздаваў мінакам расшыфроўкі пасылу беларусам ад марсіянаў. Як стала вядома з тэксту, “марсіяне выступаюць за супрацу з апейскай Беларусьсю» і “гатовы весьці перамовы на бедарускай мове”. Падобная акцыя адбылася 14 лютага на плошчы Якуба Коласа. Вялікае-вялікае сэрца віншавала мінакоў і раздавала валянцінкі. Неўзабаве сэрца было затрыманае супрацоўнікамі міліцыі. У “варанок” яно ня ўлезла, міліцыянтам прыйшлося яго паламаць. У дзяжурнай частцы ахоўнікі страцілі пільнасьць, і сэрцу ўдалося ўцячы. Без складаньня пратаколу. Пэрфоманс сам у сабе.
4. Трэба адрозьніваць флэшмоб ад пэрфоманса. Флэшмоб – гэта незвычайныя альбо проста алягічныя дзеяньні групы людзей. Тэатр – гэта спэктакль. Есьці марозіва на Кастрычніцкай плошчы, езьдзіць на катамаранах пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, альбо дружна зьняць зь сябе майкі ля Міністэрства адукацыі – флэшмобы. А вось сыграць матч у хакей зь мячом на праспэкце Пераможацаў - пэрфоманс. 1 верасьня 2005 года хлопцы ў чырвона-зялёнай абадранай форме з надпісам «прадукт беларускай школы» сыгралі правакацыйны матч у цэнтры горада. Пры гэтым яны перасоўваліся па праспэкце ў бок Плошчы Свабоды. Як на парадзе!
3. У 2005 годзе абаранялі праспэкт імя Францішка Скарыны. Улёткі, газэткі, подпісы не далі столькі толку, колькі незвычайны пэрфоманс. Насупраць цэнтральнай кнігарні, па дыяганалі – КДБ, а 12-ай пачалі зьбірацца маладыя людзі. У іх руках – рэпрадукцыі партрэтаў Скарыны. Неўзабаве выходзяць два “скарыны” ў чорных мантыях, бярэтах, зь Бібліяй у руках. Пачынаецца дэкаратыўны мітынг. ?аптам выскокваюць маладыя хлопцы, ў камуфляжных майках-шортах, з цацачнымі пісталетамі-аўтаматамі. “Амапаўцы” пачынаюць лупіць “народ”, а “скарынам” адзяюць наручнікі і вядуць па праспэкце. Шэсьце справядлівасьці. На гэты раз пад’яжджае ўжо сапраўдны аўтазак, і ўсіх, “скарынаў”, людзей з партрэтамі забіраюць. Апроч нашых “амапаўцаў”. З цацачнымі аўтаматамі. Прынялі за сваіх.
Іншым разам удзельнікі прайшлі па праспэкце Скарыны да плошчы Якуба Коласа, несучы ў руках кветкі і партрэты беларускага першадрукара. Спыніла калёну міліцыя. Калі афіцэр па рацыі прадыктаваў кіраўніцтву поўны зьмест подпісу пад партрэтам Скарыны «Панежа ад прыражэньня зьвяры знаюць ямы свае…» на старабеларускай мове і запытаўся, што рабіць з затрыманымі, з рацыі прагучала: «Брава! Пажадайце ім удачы!»
2. Гэтая акцыя адбылася ў Горадні супольна з аргкамітэтам абароны архітэктурнай спадчыны. Штомесяц няшчадна зносяць будынкі. Гарадзкая ўлада ўсё гэта абстаўляе проста: рэканструкцыя, аднаўленьне і г.д. 3 ліпеня на вуліцы Савецкай прайшла незвычайная дэлегацыя. Наперадзе – мэр горада, з чырвона-зялёным шуфлікам у руцэ і дзіцячым самазвалам на вяровачцы. За тры мэтры ішлі “рэканструктары” й “чыноўнікі” з тупымі выразамі твараў. З тымі самымі цацачынмі шуфлікамі. Гучна дыскутавалі. У споклічах пазнаваліся два словы: “зьнесьці!” і “рэканструкцыя!”. За 5 мэтраў ішла “дэмакратычная моладзь”, раздавала інфармацыйныя матэрыялы пра “чыноўніцкі вандалізм”. Ля ўнівэрмагу высакапастаўленую працэсію скіравалі ў ?АЎС, дзе й канфіскавалі цацачныя самазвалы й шуфлікі.
1. Штогод 1 верасьня адбываецца пэрфоманс, прысьвечаны беларускай адукацыі. У 2006 годзе а 12 гадзіне дня пасярод плошчы Якуба Коласа зьявілася шыбеніца. Праз хвіліну да шыбеніцы падышоў кат у чырвона-зялёнай мантыі. Ён дастаў з-за пазухі імправізаваны падручнік па гісторыі Беларусі і павесіў яго. Калі праз 20 хвілінаў ачухаліся міліцыянты, ката не было, а шыбеніца працягвала ціха пагойдвацца на ветры. 5 хвілінаў нарады з начальствам, - шыбеніцу паламалі, згрузілі ў аўтазак як рэчыўны доказ і вывезьлі ў невядомым кірунку. Праз тыдзень на БТ выйшаў сюжэт, прысьвечаны гэтаму пэрфомансу.
Сёлета ля выйсьця з мэтро «Няміга» зьявіліся драбіны з надпісам «уладная вэртыкаль». Наверсе сядзела лялька-пітэкантрап, якая сымбалізавала міністра адукацыі. На асфальце валяўся разьбіты партрэт Янкі Купалы. У руках імправізаваны чыноўнік трымаў парваную на дзьве часткі кнігу Янкі Купалы, палова якой разьвявалася на вятры ў выглядзе палосак паперы. Такая незвычайная інсталяцыя дэманстравала стаўленьне ўлады да беларускай літаратуры. Сёлета мінадукацыі выкрэсьліла са школьных праграмаў творы Янкі Купалы, Уладзімера Арлова, Васіля Быкава, Вольгі Іпатавай і іншых няўгодных аўтараў.
Франак Вячорка