Беларусы не змогуць паскардзіцца Аляксандру Лукашэнку
https://spring96.org/be/news/18737
2007
2007-10-16T12:53:47+0300
2007-10-16T12:53:47+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
15 кастрычніка прэзідэнт Беларусі падпісаў указ № 498 “Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў”. Дакумент устанаўлівае “якасна новыя падыходы” да працы са скаргамі беларусаў. Дагэтуль парадак зваротаў рэгуляваўся адпаведным законам, прынятым яшчэ ў 90-я гады.
Вось як пракаментаваў “Еўрарадыё” новую сітуацыю са скаргамі юрыст Юрый Чавусаў:
“Зараз з прыняццём гэтага ўказу карэнным чынам мяняецца парадак разгляду зваротаў грамадзян. Найперш кідаецца ў вочы тое, што зараз нельга будзе паскардзіцца ў цэнтр, у Мінск, у рэспубліканскія органы кіравання.
Згодна з паведамленнем самой прэс-службы прэзідэнта, 70% усіх скаргаў – гэта скаргі ў цэнтральныя органы”.
Зараз гэтыя лісты беларусаў будуць разглядацца мясцовымі ўладамі, у межах раёнаў, і з Мінску ці абласных цэнтраў іх будуць вяртаць. Юрый Чавусаў прагназуе, як людзі будуць рэагаваць на новаўвядзенне:
“Менавіта скаргі вышэйстаячаму начальству – гэта той механізм, у які людзі яшчэ верылі. Яны ўжо не верылі ні судам, ні пракуратурам. Але скаргі начальству ім падаваліся дзейсным механізмам.
Зараз улады гэты механізм скасавалі. Я магу прагназаваць, што, вядома, гэта не створыць у рэвалюцыйнай сітуацыі, але напружанасць у грамадстве павялічыцца”.
Ёсць ва ўказе і пазітыўны момант. Зараз парадак разгляду зваротаў распаўсюджваецца і на звароты СМІ і юрыдычных асобаў.