Каардынатар руху «Зубр» пакараны 7 суткамі арышту
21 кастрычніка ў раённым цэнтры Бялынічы быў асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту каардынатар руху “Зубр” у Магілёўскай вобласьці Алег Мяцеліца. Міліцыянты затрымалі Алега Мяцеліцу каля 12 гадзінаў дня на вуліцы. У Бялыніцкім РАУС адмовіліся паведаміць, пры якіх абставінах і за што затрыманы “зубровец”.
Паводле яго жонкі Натальлі, Алегу было прад`яўлена абвінавачаньне ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні законным патрабаваньням работнікаў міліцыі.
Паводле вэрсіі міліцыянтаў, якая прагучала на судзе, гісторыя пачалася з крыка на вуліцы, абразамі ў бок міліцыі з боку Алега Мяцеліцы. “Зубровец” віны не прызнаў і сцвярджаў, што яго настойліва прасілі праехаць у аддзел міліцыі без аніякіх тлумачэньняў, а ён адмаўляўся.
“Зь некаторых крыніцаў даведалася, што нібыта паступіў сыгнал. Алега бачылі па тэлебачаньні, калі ў Менску паказавалі акцыю пратэсту супраць вынікаў выбараў і рэферэндуму і хацелі скаладаць пратакол з гэтай нагоды”, -- паведаміла Натальля Мяцеліца “Радыё Свабода”.