Адзін з заяўнікаў “апейскага маршу” Я.Афнагель -- на Акрэсьціна
Адзін з заяўнікаў “апейскага маршу” Яўген Афнагель знаходзіцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Учора ён разам з іншымі заяўнікамі наведаў Менгарвыканкам дзеля таго, каб атрымаць санкцыю на правядзеньне “апейскага маршу”.
Чыноўнікі Менгарвыканкаму не пагадзіліся на варыянт, які прапанавалі заяўнікі -- маршрут ад Кастрычніцкай плошчы па праспэкце Незалежнасьці да будынку Нацыянальнай бібліятэкі.
Заяўнікі паведамілі, што людзі ўсё роўна выйдуць на акцыю і будуць зьбірацца каля сквэру Янкі Купалы. У выніку чыноўнікі папрасілі даць ім суткі на прыняцьце рашэньня і прызначылі сустрэчу на 9 кастрычніка на 12 гадзінаў.
Яўгена Афнагеля затрымалі літаральна праз некалькі хвілінаў пасьля таго, як ён пакінуў будынак Менгарвыканкаму. Яго адвезьлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску, дзе судзьдзя Тацяна Паўлючук прысудзіла яму 10 сутак арышту. Яна пагадзілася з абвінавачаньнямі міліцыянтаў у тым, што Яўген Афнагель нібыта нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы.
Паводле рэдактаркі інтэрнэт-сайту “Хартыя-97” Натальлі ?адзінай, яна ўначы патэлефанавала ў спэцпрыёмнік на Акрэсьціна, і супрацоўнікі міліцыі пацьвердзілі той факт, што Яўген Афнагель будзе адбываць 10 сутак арышту.