Чаргінец пра закон аб інфармацыі: Калі будзе трэба, сайт могуць закрыць
2-га кастрычніка адкрылася восеньская сесія парламента, і ўжо сёння на ёй разглядаўся праект Закону “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі“. У законапраекце ёсць нормы, накіраваныя непасрэдна на рэгуляванне інфармацыі ў Інтэрнэце. Ці змогуць такім шляхам увесці цэнзуру ў Інтэрнэце і павялічыць кантроль?
Юрыст Андрэй Бастунец мяркуе, што шмат пытанняў застаюцца нявырашанымі: “З аднаго боку, ў законапраекце ідзе гаворка пра тое, што дзейнасць у Інтэрнэце будзе свабодная, але далей запісана – у межах, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.
Якія гэта межы? Кіраўнік праекта e-belarus.org Міхаіл Дарашкевіч лічыць артыкул, што тычыцца рэгістрацыі рэсурсаў, небяспечным: “На жаль, там гаворыцца, што рэгістрацыя будзе адбывацца на добраахвотнай аснове, але мы можам меркаваць, што добраахвотная аснова будзе значыць, што тыя, хто не зарэгістраваўся, не будуць дапушчаныя да чаго-небудзь.
Напрыклад, вы не рэгіструеце свой рэсурс, а потым узнікае пытанне, што, умоўна кажучы, на якое-небудзь мерапрыемства дапускаецца толькі той, хто зарэгістраваны”.
У мінулым годзе была прынята пастанова пра электронныя крамы і тычылася таго, што ўсе крамы павінны знаходзіцца у дамене BY і павінны хосціцца ў Беларусі. Андрэй Бастунец упэўнены, што рэгуляванне такой глабальнай з’явы, як інтэрнэт, у межах адной краіны – недасканалае: “Некаторыя сайты могуць рэгістравацца ў іншых даменных зонах, напрыклад, org, info і г.д. І я не думаю, што могуць быць нейкія забароны гэта зрабіць. З іншага боку, якім чынам будуць рэгуляваць дзейнасць гэтых рэсурсаў, і не абавязкова створаных беларускімі грамадзянамі ў Беларусі, – вельмі вялікае пытанне”.
Не так даўно галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч заяўляў, што рэсурсы, не зарэгістраваныя ў зоне BY, не змогуць браць рэкламу. Міхаіл Дарашкевіч лічыць, што такім чынам прагаворваецца перадумова да стварэння нарматыўнага акта такога кшталту: “У гэтым сэнсе я бачу, што гэта можа стварыць прэцэдэнт падрыхтоўкі нарматыўнага акта, які будзе рэгламентаваць Інтэрнэт-рэкламу на беларускіх рэсурсах”.
Па словах Андрэя Бастунца, магчымы такі варыянт, што сапраўды не зарэгістраваныя ў Беларусі рэсурсы не змогуць браць рэкламу, але тут зноў-такі пытанне, чаму беларускі рэкламадаўца не зможа даць рэкламу замежнаму Інтэрнэт-сродку: “Вельмі шмат пытанняў, нават тэхналагічна, як прымяніць тыя ці іншыя нормы заканапраекта, які рэгулюе дзейнасць такога глабальнага сродку масавай камунікацыі, як Інтэрнэт. Якім чынам гэта рэгуляваць у межах адной краіны?”
Акрамя пералічаных недакладнасцяў эксперты таксама вылучаюць вялізную колькасць розных сфер, якія спрабуюць ахапіць законам, а таксама праблему недакладнасці фармулёвак. Міхаіл Дарашкевіч апроч гэтага таксама адзначае, што пакуль закон у асноўным з’яўляецца палітычным сімвалам, які ўвесь час выкарыстоўваюць як сродак для пагрозы.
Старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец у размове з Еўрарадыё зазначыў, што такі закон неабходны, бо кожная краіна імкнецца да рэгулявання такіх пытанняў заканадаўчым шляхам: “Рэгістрацыю трэба разглядаць як элементарны ўлік, тут няма дазвольнай ці забараняльнай функцыі – проста рэгістрацыя. Проста кантралюецца дзейнасць, і ў выпадку неабходнасці сайт могуць закрыць”.