Пінская незалежная газэта “Мясцовы шлях” спыняе свой выхад
Такое рашэньне прыняла рэдакцыя выданьня з-за цяжкога фінансавага становішча. Рэдактар “Мясцовага часу” Віктар Ярашук тлумачыць сытуацыю:
“Эканамічная сытуацыя склалася так, што нельга працаваць. Газэта прыпыняецца – яна застаецца, але выходзіць ня будзе. Мы чатыры месяцы сядзім без ганарару. А заробак складае 190 тысячаў рублёў на месяц. Што ж гэта за грошы?! У нас апошнім часам нават паштальёна ня было. Самі газэту разносілі”.
Фінансавыя цяжкасьці абумовілі многія прычыны: прыкладам, у пінскай друкарні адмовіліся друкаваць выданьне. Таму наклад патрэбна было штотыдзень прывозіць з Баранавічаў, за паўтары сотні кілямэтраў. Мясцовае аддзяленьне “Саюздруку” адмовілася падпісаць дамову на распаўсюджаньне. Не зьявіўся “Мясцовы час” і ў падпісных каталёгах.
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец гаворыць, што гэты выпадак – звычайная зьява:
“На мой погляд, асноўныя падзеі адбыліся ўсё ж амаль два гады таму, калі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў бальшыня незалежных газэт была выдалена з шапікаў “Саюздруку” і з падпіскі на “Белпошце”. І гэта быў той крок, які зараз аказвае найбольшае ўзьдзеяньне на тое, што адбываецца з мясцовай прэсай наагул і зь “Мясцовым часам” у прыватнасьці.
А гэта – цяжкі доступ да чытачоў, бо цяжка атрымаць грошы, у тым ліку і ад рэклямадаўцаў, калі няма газэты ў распаўсюдзе. Вось такая зброя знойдзена супраць незалежных мэдыяў. Яна быццам выключае непасрэдны палітычны заказ, але выконвае сваю ролю нават лепш за нейкія адміністратыўныя меры”.
Старшыня камісіі правоў чалавека, нацыянальных дачыненьняў і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Юры Кулакоўскі гаворыць, што ў такой сытуацыі трэба зыходзіць зь дзейнага заканадаўства. Улады абяцаюць міжнароднай супольнасьці цяперашні закон аб друку мадэрнізаваць ужо пяць гадоў. Цікаўлюся ў старшыні камісіі, ці зьбіраюцца прадставіць законапраект на восеньскую сэсію?
“Не, на гэтую сэсію – не. Можа быць, на наступную. Нейкія зрухі ёсьць, але ж дакладна я не скажу”.
На восеньскую сэсію іншая камісія – прамысловая – рыхтуе законапраект аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.
“Яны ўнесьлі да яго вельмі многа паправак, – расказвае Юры Кулакоўскі. – Як кажуць, лапацяць і лапацяць. Ён рыхтуецца на гэтую сэсію, але пакуль у парадку дня яго няма”.
Андрэй Бастунец да новага закону адносіцца насьцярожана:
“Гэты закон дае глебу для прыняцьця падзаконных актаў, якія таксама будуць рэгуляваць дзейнасьць мэдыяў, прынамсі, інтэрнэт-рэсурсаў. Я нават не кажу інтэрнэт-выданьняў, а інтэрнэт-рэсурсаў”.