Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў скаргу БХК на Савет міністраў і Міністэрства фінансаў
Паседжаньне праходзіла 5 кастрычніка, прадстаўнік Саўміна на разгляд справы нават не зьявіўся.
Тры гады таму Беларускі Хэльсынскі камітэт абклалі падаткам на замежную дапамогу паводле праграмы ТАСІС. Між тым, раней з гэтай дапамогі падатак ня бралі. Улада патлумачыла новаўвядзеньне зьменамі ў закон аб падаткаабкладаньні, якія ўнёс парлямэнт.
У БХК арыштавалі маёмасьць, якую ацанілі ў 250 тысяч рублёў. Але галоўнае, кажуць праваабаронцы, суд пастанавіў спагнаць з арганізацыі 155 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафаў за іх няўплату. Паколькі грошай на гэта ў бюджэце арганізацыі не было, рахунак БХК арыштавалі, а супраць яе кіраўнікоў завялі крымінальную справу. Потым яе закрылі, але старшыня БХК Тацяна Процька не выключае, што справу ў любы момант могуць аднавіць.