viasna on patreon

Суд адмовіў студэнту Алесу Дзеравянку ў аднаўленні на вучобе

2007 2007-10-05T16:44:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Першамайскі суд Віцебска адмовіў былому студэнту платнага навучання мастацка-графічнага факультэта ВГУ імя Машэрава Алесю Дзеравянку ў аднаўленні на вучобе.

Прычынай выключэння ў дэканаце і рэктараце ВНУ назвалі вялікую колькасць пропускаў заняткаў, але акалічнасці справы сведчаць пра іншае. Як высветлілася ў судзе, Алесем Дзеравянкам займаліся супрацоўнікі КДБ, якія паведамілі ва ўніверсітэт, што студэнт удзельнічаў у шматлікіх акцыях, у тым ліку і ў Чарнобыльскім шляху. Адмовіўся Алесь і ад удзелу ў датэрміновым галасаванні на мясцовых выбарах. Апошняй кропляй стаў тэлефонны званок з РАУС 6 чэрвеня пра тое, што Дзеравянка быццам бы ўдзельнічаў у пікеце каля суда ў падтрымку вядомага праваабаронцы Валерыя Шчукіна.

Не чакаючы вынікаў разгляду гэтай справы, кіраўніцтва ВГУ паспяшалася пазбавіцца ад актыўнага чальца студэнцкага калектыву і адлічыла яго папярэдняй датай. Пры гэтым, як высветлілася на судзе, у ВНУ даволі своеасабліва адносіліся да афармлення адпаведных дакументаў. Нават пракурор быў вымушаны звярнуцца да суддзі Наталлі Броўкі, каб тая вынесла прыватнае азначэнне кіраўніцтву ўніверсітэта за дрэннае выкананне справаводства і за тое, што ў ВНУ патрабуюць грошы нават за даведку аб адлічэнні. Напэўна, нездарма рэктарат ўніверсітэту не здолеў прайсці дзяржаўную атэстацыю. Гэткая інфармацыя была агучана на судзе.

Асаблівую пікантнасць пры разглядзе справы дадало тое, што так і не быў прадстаўлены пратакол адпаведнага паседжання студэнцкага прафкаму – рашэнне гэтага органа абавязковае пры адлічэнні, а таксама тое, што ва ўсіх дакументах Дзеравянку адмовілі ў сяброўстве ў БРСМ, хаця ён лічыцца чальцом гэтай арганізацыі яшчэ са школы і спраўна плаціў узносы. Не адказаў на зварот шэрагоўца і старшыня ўніверсітэцкай філіі БРСМ па правах райкаму, дэпутат гарсавету Гурскі.

Наконт выраку Алесь Дзеравянка кажа: “Рашэнне суда мяне асабліва не здзівіла. Насамрэч мне ўсё роўна, паколькі я ўжо студэнт ЕГУ. Проста хацелася б дамагчыся справядлівасці”.

Алесь будзе падаваць апеляцыю і збіраецца ісці да самых вышэйшых судовых інстанцыяў, бо, як кажа, мае асабісты гонар.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства