viasna on patreon

Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу Паўла Севярынца

2007 2007-10-04T13:20:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Павел Севярынец абскарджваў рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста, які прыгаварыў палітыка да 15 сутак арышту “за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года”.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, абласны суд прыняў рашэнні пакінуць пастанову без змяненняў, палічыўшы, што да гэтага няма падстаў.

Таксама абласны суд пакінуў без змяненняў рашэнне суда ніжняй інстанцыі ў адносінах да двух удзельнікаў сустрэчы з Паўлам Севярынцам, што прайшла ў Брэсце 19 жніўня, — Юрыя Бокуна, які быў аштрафаваны на тры базавыя велічыні, а таксама Любові Праневіч (ёй было вынесена папярэджанне).

Паводле Бокуна, аналагічныя скаргі пададзены практычна ўсімі 11 удзельнікамі сустрэчы з Севярынцам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці судом Маскоўскага раёна Брэста за “ўдзел у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства”.

“Яны не згодныя з пастановай суда і лічаць, што іх затрыманне ў час сустрэчы — парушэнне свабоды сходу, права на распаўсюджванне і атрыманне інфармацыі, правоў на свабоду і ўласную недатыкальнасць. Апрача таго, удзельнікі сустрэчы перакананыя, што на прэзентацыю ў офісе партыі няма неабходнасці атрымліваць дазвол, — зазначыў Вялічкін. — Наколькі мне вядома, усе яны маюць намер дамагацца адмены пастаноў суда і прызнання іх затырманняў незаконнымі, і не выключаюць верагоднасці падачы скаргі старшыні Вярхоўнага суда, а пры адмоўным выніку — звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека”.

Нагадаем, 19 жніўня ў офісе Брэсцкай арганізацыі Партыі БНФ у час прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты з лесу” супрацоўнікі міліцыі затрымалі 30 чалавек. З іх у адносінах да 15 былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Судовыя рашэнні па адміністрацыйных справах вынесены ў адносінах да 12 чалавек. Двум з іх вынесена папярэджанне, восем аштрафаваны і двое асуджаны на 15 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства