Пастара з Гомелю выклікаюць у пракуратуру
На пастара царквы ХПЕ “Жывое Слова” г. Гомеля Змітра Падлобку склалі пратакол за парушэнне артыкулу аб правядзенні масавых мерапрыемстваў і вымушаюць з’явіцца ў пракуратуру.
Як стала вядома Хрысціянскаму Праваабарончаму Дому, улады Гомеля аказваюць ціск на абшчыну Рэлігійнага Аб’яднання Хрысціянаў Поўнага Евангелля “Жывое Слова” і ў прыватнасці на пастара абшчыны Змітра Падлобку. У нядзелю, 30 верасня перад самым пачаткам набажэнтсва, у будынак, дзе збіраецца царква, прыйшлі супрацоўнік міліцыі, прадстаўнік аблвыканкаму і супрацоўнік аддзелу па ідэалогіі аблвыканкаму г. Гомеля. Яны запатрабавалі не праводзіць нядзельнае багаслужэнне. Прадстаўнікі ўлады матэвавалі свае патрабаванні тым, што сабранне веруючых “незаконнае”, а музыка можа перашкаджаць суседзям.
Пастар Зм. Падлобка адмовіўся выканаць патрабаванні прадстаўнікоў улады, у выніку чаго, на яго быў складзены пратакол за парушэнне арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадка арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства).
“Веруючыя маюць права маліцца, вызнаваць сваю веру, дзе хочуць і як хочуць, - гэтае права нам гарантуе Канстытуцыя, - кажа Зм. Падлобка. – Згодна дакументам аб арэндзе, мы маем поўнае права праводзіць тут багаслужэнні.”
У аўторак Змітру Падлобку патэлефанаваў начальнік аддзела па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў аблвыканкаму г. Гомеля Міхаіл Жукевіч і паведаміў, што пастару была накіравана позва з патрабаваннем з’явіцца ў пракуратуру. Справа аб адміністратыўным правапарушэнні будзе разглядацца ў судзе Савецкага раёна г. Гомеля.