Газета "Мясцовы час" прыпыніла выхад
Недзяржаўная газета “Мясцовы час”, якая распаўсюджвалася ў Пінску і рэгіёне, 27 верасня развіталася са сваімі чытачамі. Грамадска-палітычны тыднёвік, які праіснаваў чатыры гады, вымушаны быў спыніць выхад з эканамічных прычын.
Першы нумар выдання пабачыў свет 25 верасня 2003 года. Па словах галоўнага рэдактара газеты Аляксея Белага, праблемы ў газеты пачалі ўзнікаць практычна адразу пасля адкрыцця ў Пінску карэспандэнцкага пункта. “Мясцоваму часу” адмовілі ў акрэдытацыі, у выніку чаго з’явіліся праблемы не толькі з офісам, але і з атрыманнем інфармацыі з афіцыйных крыніц.
У тым жа 2003 годзе кіраўніцтва пінскай дзяржаўнай друкарні адмовілася супрацоўнічаць з “Мясцовым часам”, і наклады выдання давялося вазіць за 170 кіламетраў з Баранавічаў. Тады ж газеце адмовілі ў падпісцы і магчымасці распаўсюджвацца праз гандлёвую сетку «Брэстаблсаюздруку».
“Камусьці “ў вярхах” вельмі не спадабалася, што ў рэгіёне з’явілася газета, якая нясе праўдзівую інфармацыю, акцэнтуе ўвагу на праблемах грамадства, публікуе інтэрв’ю са знакамітымі людзьмі і вядомымі палітыкамі, якія думаюць і жывуць трохі інакш, чым тыя, хто пры ўладзе”, - распавёў службе маніторынгу БАЖ галоўны рэдактар выдання Аляксей Белы. “Нават індывідуальныя прадпрымальнікі, пра праблемы якіх шмат разоў пісаў “Мясцовы час”, не рызыкнулі падпісаць дамовы на рэалізацыю”.
Паводле А. Белага, у газету баяліся даваць рэкламу нават тыя, хто лічыў аўдыторыю “МЧ” “сваёй” і хто жадае пераменаў у грамадстве. “А між тым, газета – гэта таксама бізнес. І калі няма прытоку сродкаў ад рэкламы, існаваць выданню вельмі цяжка”, – кажа галоўны рэдактар.
У выніку наклад выдання зменшыўся з 2500 да 1300 асобнікаў (менавіта такім накладам выйшаў апошні нумар “МЧ”).
“Мы імкнуліся быць цікавымі для чытачоў. Наша газета расказвала пра жыццё горада і раёна, палітыку і палітыкаў, падзеі ў свеце і г.д.”, – кажа А. Белы.– Водгукі тых, хто пастаянна набываў у грамадскіх распаўсюднікаў нашу газету, пацвярджалі, што наша інфармацыя патрэбна людзям. Гэта нараджала аптымізм, на пачатку працы мы былі упэўненыя, што “Мясцовы час” прыйшоў у Пінск раз і назаўсёды…”
Калектыў рэдакцыі спадзяецца, што прыпыненне выхаду газеты – часовая з’ява, і што праз год–два выданне зможа аднавіць выхад. “Мы верым, што чытач будзе чакаць новых сустрэч з намі, і што яны яшчэ наперадзе”, – выказаў надзею намеснік галоўнага рэдактара “МЧ” Вiктар Ярашук.