viasna on patreon

КДБ баіцца «Маладога Фронту», недазволеных семінараў, незарэгістраванай прэсы і Еўрапейскага маршу

2007 2007-09-20T15:51:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 верасьня ў сераду а чатырнаццатай гадзіне ў КДБ быў выкліканы для дачы тлумачэньняў, адзін зь лідараў Маладога фронту і сябра аргкамітэта “Руху “За СВАБОДУ”, Валер Мацкевіч. “Размову” праводзілі намесьнік старшыні КДБ Бабруйска маёр Землякоў Сяргей Мікалаевіч і оперупаўнаважаны КДБ старэйшы лейтынант Харашкевіч Александр Іванавіч (+375293878935). Размова цягнулася каля гадзіны, дапытвалі ўдвох -“перакростным вагнём”. Мэтаю размовы, як патлумачылі чэкісты, яны бачылі ў чарговым папярэджаньні маладога чалавека аб крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У выпадку, калі такая дзейнасьць будзе мець месца і на далей.

Аднак, як распавёў Валер, іх таксама цікавілі канкрэтныя моманты, датычныя маючых адбыцца падзеяў. Валер: “ У двух яны імкнуліся мяне, як кажуць, “загаварыць”. Спачатку ўжываліся старыя мэтады, якія мы даўно праходзілі, - прапанова “пагаварыць” без пратаколу, то бок “па душах”; дэманстрацыя гары макулатуры з ксеракопіямі маіх размоваў; фотаздымкі з акцыяў і нейкія сьпісы. Задача была спачатку запалохаць, бо яны пастаянна казалі, што ў іх дастаткова матэрыялаў, каб завесьці крыміналку. Зачытвалі розныя артыкулы. Рабілі акцэнт на арт.342 Крымінальнага кодэксу ў новым выданьні. Там было нешта зьвязанае з арганізацыяй незаконных масавых акцыяў, якія вядуць да падрыву канстытуцыйнага строю; з гвалтоўным супрацівам; паклёпам на ўладу і гэтак далей.  Дзесяць разоў паўтарылі, што калі зараз нешта зраблю- гэта будзе апошняй кропляй і гамон. Будзеш вазіць літаратуру - крыміналка, будзеш працягваць працаваць ад імя “Маладога Фронту”- крыміналка, паедзеш на Эўрапейскі марш сам, ці арганізуеш даезд сваім хлапцам - крыміналка і так далей. Сістэматычна штосьці падсоўвалі пад подпіс. Калі бачылі, што ўсе ідзе не па іх сцэнару - зрываліся. Але хуценька прыходзілі ў сябе, узгадваючы прыемы з псіхалогіі, якім вучылі на сьпецкурсе. Іх вельмі хвалявала, як літаратура прыходзіць у горад, як яна распаўсюджваецца. Як і раней ім не даюць спакою розныя выезды за мяжу, семінары. Імкнуліся ўзяць тлумачэньні з кожнай маёй адміністратыўнай справы, падрабязна іх разбіраючы. Калі ізноў не атрымлівалась выцягнуць з майго боку хоць нейкую інфармацыю ці каментару, вярталіся да запужваньня крыміналкай".

Таксама маладзён распавеў, што чэкісты раздрукавалі нават фота з галадоўкі, на якім актывіст сядзіць на падлозе разам са Зьмітрам Дашкевічам у кашулях “Малады Фронт”- гэта, як казалі гэбісты, бясспрэчны доказ. Пасля Валерынай канчатковай адмовы падпісаць папярэджаньне, маладзёну яшчэ раз прыгразілі вусна ўслед і адпусцілі, нагадаўшы, што ў яго заўсёды ёсьць шанец адумацца і пачаць “сябраваць” з камітэтам, які так пячэцца пра інтарэсы краіны.

Нагадаем што супрацоўнікі чакалі Валера каля пад’езда, але першай зранку з дому выйшла маці і супрацоўнікі перадалі павестку ёй. Маці Валера: “Мы ведалі, што сына чакаюць ля пад’езду на аўто ўжо недзе тыдзень. Гэта было неаднойчы раней, калі Валера вазілі на допыты. У панядзелак я, як і заўжды зранку, выйшла ў краму і хацела праверыць, ці за намі “палююць” сёньня. Я зрабіла выгляд, што разглядаю жыроўку, а сама пачала ўважліва ўглядацца ў прыпаркаваныя побач машыны. Праз колькі секунд з вядомай ужо мне сіняй “БМВ” выйшаў чалавек і паклікаў мяне па імю і імю па бацьку. Падыйшоўшы да мяне, ён павітаўся, і я пазнала яго- старэйшы лейтэнант Харашкевіч Александр Іванавіч. Ужо больш за год ён прыносіць павесткі нам дахаты і імкнецца наладзіць незразумелы нефармальны кантакт. Ён настойліва папрасіў расьпісацца за сына ў павестцы і папярэдзіць яго аб тым, што за няяўку ён суд можа спагнаць вялікі штраф, да таго ж усё роўна яго гвалтам даставіць яго ў КДБ з дапамогай міліцыі. Ўсё паказваў нейкія паперы, дзе нібыта сказана, што грамадзяне абавязаны я “стучаць” у КДБ. Павестку я ўзяла, але расьпісвацца ў ёй адмовілася”.

Са слоў актывіста, першы раз яму патэлефанавалі яшчэ падчас суду над Іванам Шылам у Салігорску, дзе Валер прымаў удзел у акцыі падтрымкі Вані. Валер Мацкевіч: “Я пазнаў голас Харашкевіча, ён спытаў, дзе я і калі мяне можна пабачыць. Я сказаў, што на гэтым тыдні мяне ня будзе ў горадзе і хай дасылае павестку на наступным. Тады з выходных, восьмага чысла бацькі заўважылі “наружку”. Я пачаў прыходзіць дадому за поўнач, а сыходзіць зранку да сёмай гадзіны. Таксама яны ведалі, што я прывёз частку подпісаў “Руху “За СВАБОДУ”, якія пакінуў у Асіповічах для перадачы ў Менск. Іх задача была, каб яны не патрапілі ў тэрмін ў Менск, пагэтаму дадаткова “заняліся” асіповіцкім актывістам, аб’явіўшы на таго сапраўднае паляваньне. Таксама ўвесь час сачылі за маім домам здалёк. Пакуль не вырашылі перадаць позву маей маці”.

Дадзеныя паводзіны карных органаў яскрава падкрэсліваюць напружаньне ў зьнешняй палітыцы краіны. Лукашэнка кінуты Расеяй, шукае “сяброў” на захадзе, гуляючы ў дэмакратыю з Еўразвязам. Запалоханьне Маршам відавочнае. У Беларускага дэмакратычнага руху зьявіўся шанец паказаць усёй Еўропе, з кім трэба весьці перамовы і хто мы ёсьць.

Ян ПАЛЕСКІ

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства