Упраўленьне юстыцыі заключыла міравое пагадненьне з “Супольнасьцю”
Сёньня ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму пагадзілася з прапанаванымі ўмовамі міравога пагадненьня з гарадзкім грамадзкім аб’яднаньнем “Супольнасьць”.
У Менскім гарадзкім судзе завяршыўся разгляд справы аб ліквідацыі аб’яднаньня “Супольнасьць”.
“Гэта азначае, што мы прадстаўляем у 15-дзённы тэрмін усе дакумэнты, якія яны запытвалі і якія мы не прадставілі, бо не атрымлівалі запыту. Таксама выпраўляем правамерныя тэхнічныя парушэньні, што пошта не даходзіць. А ўпраўленьне юстыцыі на гэтых падставах ня можа больш падаваць пазову аб ліквідацыі “Супольнасьці”, - сказаў прадстаўнік аб’яднаньня Юрась Чавусаў.
Сёлета 22 чэрвеня чыноўнікі юрыдычнага аддзелу Менгарвыканкаму накіравалі ў “Супольнасьць” тры заўвагі. Паводле першай, сябры арганізацыі нібыта не адказвалі на іхныя лісты. Другая заўвага канстатавала, што адзін зь сяброў арганізацыі ня мае менскай прапіскі. Трэцяя тычылася таго, што “Супольнасьць” зьяўляецца заснавальніцай “Асамблеі няўрадавых арганізацыяў”.