Праваабарончы цэнтр “Вясна” на падставе праведзенага маніторынга ходу кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскага рэферэндума заяўляе пра поўную неадпаведнасць афіцыйных вынікаў выбараў і рэферэндума сапраўнаму волевыяўленню беларускага народа
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання і рэспубліканскі рэферэндум.
2004 год
Папярэднія высновы вынікаў выбараў і рэспубліканскага рэферэндума
Выбары дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання былі прызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2004 № 332 на 17 кастрычніка 2004 г. На гэты ж дзень Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 431 ад 7 верасня 2004 г. быў прызначаны рэспубліканскі рэферэндум.
Частка 1
Адпаведнасць дзеючаму закандаўству Ўказа прэзідэнта №431 аб прызначэнні рэспубліканскага рэферэндума
На падставе арт. 78 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (“пералік пытанняў, якія могуць быць вынесены на рэферэндум, вызначаецца законам Рэспбулікі Беларусь”) і пункта 2 часткі 3 арт. 112 Выбарчага кодэкса (“на рэспубліканскі рэферэндум не могуць выносіцца пытанні, звязаныя з абраннем і вызваленнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”) пытаньне, вызначанае Указам №431, не можа выносіцца на рэспубліканскі рэферэндум.
Венецыянская камісія Савета Еўропы разгледзела пытанне адносна адпаведнасці запланаванага ў Беларусі рэферэндума стандартам Савета Еўропы. Згодна з вынесеным Венецыянскай камісіяй заключэннем, пытанне, вынесенае на рэферэндум, выклікае шэраг пярэчанняў, у прыватнастці: яно наўпрост супярэчыць Выбарчаму кодэксу і арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Частка 2
Грамадска-палітычная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь
напярэдадні і падчас правядзеньня кампаніі па выбарах і рэферэндуме
Грамадска-палітычная сітуацыя, якая склалася напярэдадні абвяшчэння выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама рэспубліканскага рэферэндума заставалася такой жа складанай, як і ў папярэднія гады. З пачаткам кампаніі па выбарах і рэферэндуме сітуацыя значна пагоршылся. Існуючы ў краіне рэжым паслядоўна працягваў палітыку ўсталявання поўнага кантролю над грамадствам. Працягваўся крымінальны і адміністратыўны пераслед палітычных апанентаў, ліквідацыя і ціск на апазыцыйныя палітычныя партыі і дэмакратычных недзяржаўных арганізацый, закрыццё незалежных СМІ.
Улічваючы канцэнтрацыю ўлады, якую засяродзіў у сваіх руках А.Лукашэнка, а таксама рэальную магчымасць уплываць на грамадска-палітычныя працэсы ў краіне і на дзейнасць Цэнтральнай камісіі, выбарчы працэс быў праведзены цалкам па вызначаным ім сцэнары. А. Лукашэнка да пачатку выбараў сфармуляваў, якім павінен быць новы парламент краіны. Вынікі выбараў і рэферэндума фактычна падцвердзілі ўстаноўкі, вызначаныя А. Лукашэнкам.
Беларускія ўлады такі і не прынялі мераў па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства краіны дзеля дэмакратызацыі і адкрытасці выбарчага працэсу, не выканалі рэкамендацый БДІПЧ/АБСЕ, выпрацаваных па выніках выбарчых кампаній 2000 – 2001 гг.
Частка 3
Фармаванне выбарчых камісій па правядзенні выбараў і рэспубліканскага рэферэндума
1. Фармаванне акруговых камісій па правядзенні выбараў
Для правядзення выбараў Палаты прадстаўнікоў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь было створана 110 выбарчых акругаў. Акруговыя камісіі фармаваліся Прэзідыўмамі абласных, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнымі выканаўчымі камітэтамі, а таксама Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.
Выбарчы кодэкс, а таксама Пастановы Цэнтральнай камісіі не ўтрымліваюць крытэрыяў адбора прадстаўнікоў у склад камісій.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі актыўна вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій, але ў большасці выпадкаў ім было адмоўлена. Так, ад дэмакратычных палітычных партый у склад акруговых камісій было вылучана 318 чалавек, а ўключана толькі 20 чалавек, што склала 2% ад агульнай колькасці сяброў камісій.
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый складаюць 20% ад агульнай колькасці сяброў акруговых камісій. Пераважная колькасць з іх -- гэта прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх арганізацый (БРСМ, ФПБ, Саюз ветэранаў Афганістана і інш.)
Асноўная колькасць сяброў акруговых камісіяў прадстаўлена вылучэнцамі ад працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў (28,5 %) і грамадзян (33,4%). Пры апублікаванні спісаў сяброў акруговых камісій у дзяржаўных СМІ не ўказвалася іх месца працы (з шасці абласцеў і г.Мінска такія дадзеныя надрукаваныя толькі па Мінскай і Гродзенскай абласцях), што ўтойвала факт залежнасці створаных камісій ад выканаўчай улады.
2. Фармаванне тэрытарыяльных камісій па правядзенні рэспубліканскага рэферэндума.
Правядзенне рэспубліканскага рэферэндума ажыццяўлялася дзеючымі абласнымі, Мінскай гарадской, раённымі, гарадскімі (у гарадах абласнога падпарадкавання) тэратарыяльнымі выбарчымі камісіямі, сфармаванымі падчас правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 24 склікання.
Найменьшае прадстаўніцтва ў абласных і Мінскай гарадской камісіях па правядзенні рэферэндума належыць палітычным парыям (10,9%), пры гэтым дэмакратыяныя партыі прадстаўлены толькі адным сябрам ПКБ у складе Гомельскай абласной камісіі. Аналагічная сітуацыя існавала ў раённых і гарадскіх (гарадах абласнога падпарадкавання) камісіях па правядзенні рэспублікакансага рэферэндума.
Для правядзення рэферэндума дадаткова былі сфармаваны 24 раённыя (у гарадах з райнным дзяленнем) камісіі. Іх фармаванне ажыццяўлялася Прэзідыўмамі гарадскіх Саветаў дэпутатаў і гарадсіх выканаўчых камітэтаў. У іх склад не быў уключаны ніводзін прадастаўнік дэмакратычных палітычных партый.
3. Фармаванне ўчастковых камісій па правядзенні выбараў дэпутататаў і рэспубліканскага рэферэндума
У адпаведнасці з Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 8 верасня 2004 г. № 66 участковыя камісіі пры правядзенні выбараў і рэферэндуму з’яўляюцца агульнымі. Участковыя камісіі фармаваліся раённымі, гарадскімі (у гарадах абласнога падпарадкавання) выканаўчымі камітэтамі, раённымі адміністрацыямі ў гарадах.
У склад 6 619 участковых камісій, сфармаваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, увайшлі 72 350 чалавек. Большасць сяброў камісій вылучаны ад грамадзянаў -- 50,6%, вылучэнцаў ад працоўных калектываў -- 36,4%, прадстаўнікоў раённых і гарадскіх выканкамаў -- 5%, прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў -- 8%, прычым вылучэнцы ад дэмакратычных партый атрымалі толькі 0,2% месцаў у складзе ўчастковых камісіяў.
Улады зрабілі не галоснай інфармацыю аб складзе ўчастковых выбарчых камісій. Дзяржаўныя рэгіянальныя газеты, якія павінны былі змесціць інфрамацыю аб складзе ўчастковых камісій ва ўсіх абласцях краіны выйшлі абмежаваным накладам, іх неатрымалі падпісчыкі і бібліатэкі.
Такім чынам, улады на этапе фармавання камісій па правядзенні выбараў і рэферэндума ўсіх узроўняў стварылі ўмовы для поўнага кантролю над выбарчым працэсам і для магчымасцяў фальсіфікацый і маніпулявання вынікамі галасавання.
Частка 4
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца шляхам збору подпісаў грамадзянаў, шляхам вылучэння ад палітычных партый і вылучэннем ад працоўных калектываў.
Усяго было вылучана 692 прэтэндэнты ў кандыдаты, з іх зарэгістравана – 359 (51,88%), адмоўлена ў рэгістрацыі 312 (45,09%), частка прэтэндэнтаў адмовілася ад удзелу ў выбарах.
Працэс рэгістрацыі ініцятыўных груп суправаджаўася ціскам на сябраў ініцыятыўных груп і прэтэндэнтаў у кандыдаты. Вынікам гэтай спланаванай кампаніі стаў даволі вялікі працэнт адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп, большасць з якіх -- незалежных кандыдатаў ці сяброў дэмакратычных палітычных партый. Так, было адмоўлена ў рэгістрацыі 11,5% ініцыятыўных груп (для параўнання: падчас парламенцкіх выбараў 2000 года адмоўлена ў рэгістрцыі 4,5% ініцыятыўных груп).
Усяго было створана 558 ініцытыўных груп. Аднак толькі 71 кандыдат зарэгістраваны шляхам збору подпісаў. Такая вялікая розніца паміж лічбамі тлумачыцца, па-першае, тым, што большасць сяброў палітычных партый, якія збіралі подпісы, выкарысталі сваё права на партыйнае вылучэнне; па-другое, вялікая колькасць адмоваў у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў прыходзіцца менавіта на дадзены спосаб вылучэння з-за цяжкасці ці амаль немагчымасці пракантраляваць дакладнасць вынікаў праверкі сапраўднасці подпісаў. Фактычна ніводаму прэтэндэнту ў кандыдаты пасля адмоваў акруговых камісій не ўдалося аднавіць рэгістрацыю падчас абскарджання ў Цэнтральнай камісіі.
Працэс вылучэння кандыдатаў ад палітычных партый характэрызаваўся масавымі праверкамі іх рэгіянальных структур, у выніку якіх былі ліквідаваны: у АГП – больш за 10, Партыі БНФ – 2, ПКБ– 8, БСДП (НГ) – 10 арганізацыйных структур партый, што паслужыла падставай для нерэгістрацыі вылучаных кандыдатаў.
У выніку рэгістрацыі кандыдатаў ад дэмакратычных партый акруговымі камісіямі не былі дапушчаныя да ўдзелу ў выбарчай кампаніі больш за 40% вылучаных імі кандыдатаў. Як паказалі вынікі абскраджання адмоваў у рэгістрацыі ў Цэнтральнай камісіі, падаўляючая колькасць нематываваных адмоваў прыходзілася на прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных партый – была адноўлена рэгістрацыя 32 партыйных кандыдатаў (з 44 станоўчых рашэнняў Цэнтральнай камісіі).
Шляхам вылучэння ад працоўных калектываў было зарэгістравана 139 кандыдатаў у дэпутаты, што склала 32,2% ад агульнай колькасці кандыдатаў. Дадзены шлях вылучэння найбольш часта выкарыстоўваўся для вылучэння кандыдатаў ад улады. Пры такім способе вылучэння распаўсюджаным з’яўляецца парушэнне прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах.
Частка 5
Правядзенне агітацыі па выбарах і рэферэндуме
Падчас правядзення агітацыйнай кампаніі не былі забяспечаны роўныя магчымасці і ўмовы ўсім суб’екатам выбарчага працэсу. Гэта датычылася перш за ўсё парадку выкарыстання ў мэтах агітацыі дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ.
У некаторых выпадках кіраўнікі тэлерадыёкампаній неабгрунтавана адмаўлялі кандыдатам у прадстаўленні эфірнага часу і магчымасці выступіць. Цэнзуры падвяргаліся праграмы кандыдатаў, выступы на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, друкаваныя агітацыйныя матэрыялы. Адначасова па радыё і телебачанні, на старонках друкаваных дзяржаўных СМІ размяшчаліся матэрыялы паклёпніцкага, абразлівага зместу, скіраваныя на дэскрэдытацыю як палітычных партый і рухаў цалкам, так і іх асобных актывістаў і лідэраў.
У дзяржаўных СМІ вялася агітацыя выключна ў падтрымку пытанняў, вынесеных на реферэндум. У той жа час асобы, якія распаўсюджвалі агітацыйныя друкаваныя матэрыялы з заклікам “супраць”, падвяргаліся адміністратыўным затрыманням, матэрыялы канфіскоўваліся на падставе таго, што былі выраблены без выходзячых дадзеных. Гэта супярэчыць арт. 45 Выбарчага кодэкса, згодна з якім такія патрабаванні на агітацыйныя друкаваныя матэрыялы па пытаннях, вынесненых на рэферэндум, не распаўсюджваюцца.
Зафіксаваны выпадкі канфіскацыі агітацыйных матэрыялаў дэмакратычных кандыдатаў, вырабленых законным шляхам, а таксама вобыскі ў офісах партый і штаб-кватэрах кандыдатаў без адпаведных юрыдычных санкцый.
Засталося неўрэгуляваным (за выключэннем г.Мінск) пытанне вызначэння месцаў для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі, што стварыла няроўныя ўмовы пры правядзенні агітацыі шляхам сустрэчаў з выбаршчыкамі для кандыдатаў са сталіцы і рэгіёнаў Беларусі. Не былі створаны роўныя ўмовы для кандыдатаў пры арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах.
Падчас правядзення агітацыйнай кампаніі былі пазбаўленыя рэгістрацыі некалькі дзесяткаў кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакартычных партый і незалежных кандыдатаў. У шматлікіх выпадках для гэтага выкарыстоўваліся правакацыйныя метады, скіраваныя на дэскрэдатацыю кандыдатаў і пазбаўленне іх рэгістрацыі.
Частка 6
Датэрміновае галасаванне па выбарах і рэферэндуму
Датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і рэспубліканскаму рэферэндуму пачалося 12 кастрычніка 2004 г. і працягвалася пяць дзён. Дадзены этап выбарчай кампаніі суправаджаўся масавым парушэннем арт. 5 Выбарчага кодэкса, які гарантуе грамадзянам краіны права свабоднага ўдзелу ў выбарах і рэферэндуме, прымусам да датэрміновага галасавання. Асноўныя катэгорыі грамадзян, на якіх быў аказаны моцны ціск, -- гэта навучэнцы, іншагараднія студэнты, працоўныя дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, ваеннаслужачыя. Агульная колькасць прыняўшых удзел у датэрміновым галасаванні, па дадзеных Цэнтральнай камісіі, скалала 17,8 % , але ёсць падставы меркаваць, што афіцыйныя дадзеныя заніжаныя.
Факты масавага прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, а таксама адсутнасць кантролю за захаванасцю выбарчых бюлетэняў і выбарчых скрынь усе гэтыя дні стварылі глебу для фальсіфікацый вынікаў галасавання.
Адным з асноўным парушэннем падчас галасавання была маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў: у спісы не была ўключнаная значная частка выбаршчыкаў, спісы не былі прдстаўлены для ўсеагульнага азнаямлення, інфармацыя аб колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў і колькасці прыняўшых удзел у датэрміновым галасаванні не прадастаўлялася назіральнікам і давераным асобам кандыдатаў.
У графе падпіснога ліста аб арыманні бюлетэняў па выбарах дэпутатаў і рэферэндуме выбаршчыкі ставілі толькі адзін подпіс, што стварыла падставы для маніпуляцый і фальсіфікацый.
Выклікае вялікую заклапочанасць той факт, што падчас датэміновага галасавання былі пазбаўлены рэгістрацыі кандыдаты, за якіх ужо былі аддадзены галасы выбаршчыкаў.
Частка 7
Дзень правядзення выбараў і рэферэндума
У дзень выбараў і правядзення рэферэндума ў дзяржаўных электронных СМІ працягвалася актыўная агітацыя і агучванне вынікаў сацыялагічных апытанняў, якія праводзіліся падкантрольным сацыялагічным агенцтвам і праўрадавымі грамадскімі арганізацыямі. У то жа час у выніку цісу і адкрытага пераследу з боку прадстаўнікоў МУС пад пагрозай зрыву аказалася правядзенне сацыялагічнага апытання, якое праводзілі прадстаўнікі незалежных сацыялагічных служб. На ўчастках для галасавання паўсюдна былі размешчаны агітацыйныя матэрыялы. Зафіксаваныя выпадкі агітацыі з боку сябраў выбарчых камісій.
Правядзенне галасавання па месцы знаходжання праходзілі з парушэннямі прынцыпу таямніцы галасавання, прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах, маніпуляцыямі са спісамі выбаршчыкаў.
Правядзенне галасавання на выбарчых участках таксама суправаджалася парушэннямі выбарчага заканадаўства: выдача бюлетэняў без пашпартоў і дакументаў яго замянючых, выдача некалькіх бюлетэняў у адны рукі, галасаванне за іншых асобаў. Быў зафіксаваны выпадак выдачы ўжо адзначаных бюлетэняў па рэферэндуме.
Працэдура падліку галасоў не адпавядала патрабаванням выбарчага заканадаўства: не праводзілася раздзельнага падліку галасоў, не пералічваліся і не пагашаліся нявыкарыстаныя бюлэтені, не праводзіўся падлік сапсаваных бюлетэняў.
Форма выніковага пратакола па выбарах рэспубліканскаму рэферэндуму не адпавядала патабаванням Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь: у ім не ўказвалася колькасць атрыманых участковымі камісіямі бюлетэняў, колькасць сапсаваных бюлэтеняў, колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў, адсутнічала інфрамацыя аб колькасці прагаласаваўшых супраць з кожнага кандыдата і галасавання супраць усіх, адстутнічала інфрмацыя аб колькасці прагаласаваўшых супраць пытання, вынесенага на рэферэндум. Не ўказвалася, колькі выбаршчыкаў прыняло ўдзел у рэферэндуме і колькі ў выбарах.
У шэрагу выпадкаў сябры участковых камісій не дапускаліся да працэдуры падліку галасоў, а таксама на паседжанні акруговых камісій.
Частка 8
Назіральнікі
Назіранне за правядзеннем выбараў і рэспубліканскага рэферэндума ажыццяўлялі як унутраныя, так і міжнародныя назіральнікі. Па афіцыйных дадзеных, удзел у назіранні прынялі ўдзел 685 міжнародных назіральнікаў з 53 краін свету, у тым ліку 284 назіральнікі місіі СНД і 283 назіральнікі АБСЕ. Унутранае назіраннне ажыццяўлялі 24 537 назіральнікаў, у тым ліку 1 000 вылучаных ад палітычных партый, а таксама давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты.
Унутраныя назіральнікі і давераныя асобы сутыкнуліся з наступнымі парашэннямі іх правоў, гарантаваных выбарчым заканадаўствам: нематываванымі адмовамі ў рэгістрацыі на выбарчых участках, адмовамі ў прадастаўленні любой інфармацыі, вынясеннямі папярэджанняў і пагрозамі выдалення з выбарчых участкаў і прыцягнення да адмінісратыўнай адказанасці, масавымі пазбаўленнямі рэгістрацыі на ўчастках падчас датэрміновага галасавання і асабліва ў дзень выбараў.
Падчас падліку галасоў назіральнікі былі пазбаўлены магчымасці ажыццяўляць паўнавартаснае назіранне за дадзенай працэдурай. Такім чынам выбарчы працэс і падлік галасоў рабіўся закрытым і негалосным.
Высновы:
1. Пытанне, вынесенае на рэферэндум згодна з Указам Прэзідэнта, наўпрост супярэчыць Канстытуцыі і Выбарчаму кодэксу Рэспулікі Беларусь.
2. Выбары і рэспубліканскі рэферэндум праходзілі ў атмасферы адсутнасці клімату даверу ў грамадстве, ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі.
3. Улады краіны так і не прынялі мераў да дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, не выканалі рэкамендацый БДІПЧ/АБСЕ.
4. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праходзіі ва ўмовах ціску з боку выканаўчых уладаў на суб’екты выбарчага працэсу: выбаршчыкаў, дэмакарытычныя партыі, кандыдатаў, сяброў ініцыятыўных груп.
5. Фармаванне выбарчых камісій па правядзенні выбараў і рэферэндума адбылося з параушэннем прынцыпу шырокага прадстаўніцтва дэмакратычных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў краіны.
6. Агітацыйная кампанія па выбарах і рэферэндуме праходзіла з парушэннем прынцыпу роўнасці, агітацыя па рэферэндуме насіла выключна аднабаковы характар.
7. Да ўздзелу ў выбарах не была дапушчана значная колькасць прэтэндэнтаў і кандыдатаў (адмоўлена ў рэгістрацыі ці пазбаўлены рэгсітрацыі, у тым ліку і падчас датэрміновага галасавання).
8. Ажыццяўлялася парушэнне прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах праз прымусовае датэрміновае галасаванне.
9. Падлік галасоў адбываўся з грубымі парушэнямі патрабаванняў выбарчага заканадаўства.
10. Выбарчы працэс насіў закрыты і негалосны характар, што выражалася ў непрадастаўленні інфармацыі, датычнай выбарчага працэсу, недапушчэнне на выбарчыя ўчасткі і акруговыя выбарчыя камісіі, выдаленне з іх назіральнікаў, давераных асобаў кандыдатаў, сябраў выбарчых камісій.
Мы канстатуем, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і галасавання па рэферэндуме не адпавядалі нацыянальнаму выбарчаму заканадаўству, міжнародным прынцыпам у галіне арганізацыі і правядзення выбараў: прынцыпам галоснасці, празрыстасці і дэмакратычнасці.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
на падставе праведзенага маніторынга ходу кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскага рэферэндума заяўляе пра поўную неадпаведнасць афіцыйных вынікаў выбараў і рэферэндума сапраўнаму волевыяўленню беларускага народа.