viasna on patreon

Белтэлерадыёкампанія адмовіла лідэру АГП у правядзенні тэледыскусіі

2007 2007-09-20T12:18:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі адхіліла прапанову лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі правесці на беларускім тэлебачанні публічную дыскусію па праблеме адмены ільгот.

З такой прапановай А.Лябедзька ад імя Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі звяртаўся 3 верасня да старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага.

У сваім лісце палітык прапаноўваў вынесці на публічнае абмеркаванне прыняты ў траўні 2007 года закон "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян", які, на думку сябраў камітэту, "быў прыняты без шырокай дыскусіі, без кансультацыі з грамадскасцю” і “скасоўвае не толькі ільготы, але і сацыяльныя гарантыі, якія існуюць у кожнай еўрапейскай краіне”. Палітык паведамляў таксама, што Нацыянальны камітэт распрацоўвае альтэрнатыўны праект закона аб сацыяльных гарантыях, асноўныя палажэнні якога таксама прапануюцца для публічнай дыскусіі і абмеркавання.

А.Зімоўскі аргументаваў сваю адмову тым, што "з юрыдычнага пункту гледжання Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сіл не існуе", і таму Белтэлерадыёкампанія "вымушана адмовіць А.Лябедзьку як прыватнай асобе”. Ён параіў палітыку накіраваць свае прапановы ў галоўнае дзяржаўна-прававое ўпраўленне Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама паведаміў, што ў выпадку наладжвання ў СМІ шырокай дыскусіі на гэтую тэму рэпарцёры Белтэлерадыёкампаніі, магчыма, звернуцца да А.Лябедзькі за каментаром.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства