Зьміцер Жалезьнічэнка пакараны арыштам на 8 сутак
Як стала вядома, учора супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі на моладзевага актывіста два пратаколы: за дробнае хуліганства (брыдкаслоўе) і за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, якія сёньня і разгледзела судзьдзя Марына Дамненка. Па першай адміністратыўнай справе Зьміцер Жалезьнічэнка пакараны арыштам на 8 сутак, па другой - штрафам у памеры 20 базавых велічынь.
Нагадаем, учора ў 18-20 Зьмітра Жалезьнічэнку затрымалі ў цэнтры Гомелю па абвінавачаньню ў згвалтаваньні дзяўчыны. Супрацоўнікі праваахоўных органаў даставілі моладзевага актывіста ў Чыгуначны РАУС, аднак пацярпелая дзяўчына не прызнала ў Зьімітры Жалезьнічэнку гвалтаўніка. Тады хлопца з Чыгуначнага пастарунку перавезьлі ў Цэнтральны РАУС Гомелю, дзе і склалі пратаколы. Адваката да затрыманага не дапусьцілі.
Напачатку верасьня кіраўніцтва матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Ф.Скарыны адлічыла студэнта-выдатніка з 3-га курса навучальнай установы за актыўную грамадзкую дзейнасьць, аднак у загадзе рэктара ГДУ значыцца фармулёўка - “за сістэматычнае парушэньне Правілаў унутранага распарадку ўніверсітэту”.