Сёньня працяг суду над Андрэям Цянютам
17 верасьня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомелю пачаўся разгляд адміністратыўнай справы супраць моладзевага актывіста Андрэя Цянюты, затрыманага 14 верасьня ў будынку мясцовага ўніверсітэту. Хлопец прыйшоў туды, каб распаўсюдзіць інфармацыю ў падтрымку свайго сябра, выключанага за грамадзка-палітычную дзейнасьць студэнта ГДУ Зьмітра Жалезьнічэнкі, аднак быў затрыманы прарэктарам па выхаваўчай працы Ханеням.
Напачатку прарэктар адвёў Андрэя Цянюту ў кабінет, затым выклікаў міліцыянтаў, якія склалі на моладзевага актывіста два адміністратыўныя пратаколы - за распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі і за ўжываньне ненарматыўнай лексікі. Да суду трое сутак Андрэй Цянюта правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Марыя Дамненка, якая разглядала ўзбуджаныя адміністратыўныя справы, не змагла разабрацца ў блытаных сьведчаньнях міліцыянтаў, таму перанесла судовае паседжаньне на сёньня. Андрэй Цянюта быў адпушчаны дахаты.