12 верасня ў Вярхоўным судзе адбылася папярэдняя гутарка па іску аб ліквідацыі Беларускай жаночай партыі “Надзея”.
Паводле лідэра партыі Алены Яськовай, у запрашэнні з'явіцца ў суд была просьба прадаставіць пісьмовыя пярэчанні па іску да партыі Міністэрства юстыцыі.
- Аднак прадастаўляць іх — наша права, а не абавязак. Таму мы вырашылі не даваць Мінюсту загадзя падрыхтавацца да нашых довадаў.
Яськова лічыць, што ў Мінюста адсутнічаюць законныя падставы для падачы іску аб ліквідацыі “Надзеі”. Яна ўказала, што ў адпаведнасці з законам аб палітычных партыях партыі могуць быць прад'яўлены прэтэнзіі, калі на працягу года з моманту вынясення папярэджання не прыняты неабходныя меры. Паводле Яськовай, “Надзея” на ўсе папярэджанні адказвала ў адпаведнасці з заканадаўствам і інфармавала Мінюст аб прынятых мерах.
Акрамя гэтага Яськова звярнула ўвагу суда на тое, што дакументы аб рэгістрацыі новай рэдакцыі статута партыі, якая прынцыпова адрозніваецца ад папярэдняй, былі атрыманыя толькі 10 ліпеня 2007 года.
- А ўжо 20 ліпеня пачалася праверка нашай дзейнасці. Правяралі якраз тое, што, у адпаведнасці з новай рэдакцыяй статута, мы павінны былі змяніць.
Алена Яськова папрасіла запатрабаваць у Міністэрства юстыцыі прадаставіць да судовага пасяджэння дакументы, якія б пацвярджалі паўнамоцтвы Мінюста пры правядзенні праверкі дзейнасці партыі, а таксама вызначалі дакладныя тэрміны правядзення праверкі і рэагавання на яе вынікі.
Палітык адзначыла ў інтэрв’ю БелаПАН, што засталася задаволена першым этапам разгляду справы ў судзе. Паводле лідэра “Надзеі”, верагодна правядзенне ў судзе яшчэ адной гутаркі, пасля чаго стане вядома дата судовага паседжання.