Францыя асудзіла затрыманьні моладзі ў Баранавічах і адмову ў рэгістрацыі “Вясны”
Міністэрства замежных спраў Францыі распаўсюдзіла заяву з асуджэньнем факту масавых затрыманьняў пад час суду над актывістам “Маладога фронту” ў Баранавічах.
У прыватнасьці, у заяве намесніка прэс-сакратара міністэрства, адзначаецца, што “Францыя асуджае затрыманьне ў панядзелак у Баранавічах (Беларусь) каля дваццаці маладых апазіцыянераў перад будынкам суду, у якім пачынаўся працэс над іхнім сябрам Яраславам Грышчэнем, актывістам моладзевага руху " Малады Фронт ".
Яна таксама асуджае здзейсьненае пры тых жа акалічнасьцях затрыманьне двух журналістаў-фатографаў Агенцтва Франс Прэс і Рэйтэрс пры выкананьні імі сваіх прафесійных абавязкаў.
Францыя нагадвае Беларусі аб узятых ёю абавязальніцтвах у галіне свабоды аб'яднаньняў, свабоды меркаваньняў і свабоды прэсы.
Яна занепакоеная пастаянным пагаршэньнем сітуацыі ў гэтай суседняй Еўрапейскаму Саюзу краіне. Францыя, у прыватнасьці з заклапочанасьцю адзначае, што шматлікія праваабарончыя арганізацыі, і ў прыватнасьці праваабарончае аб’яднаньне " Вясна ", не былі перарэгістраваныя ў парушэньне рэзалюцыі Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.